Skip to main content

Новы Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр прыбыў у Беларусь

pinter1518 жніўня ў Беларусь прыбыў новы Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. У Нацыянальным аэрапорце “Мінск” яго сустракалі ўсе члены Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Сярод іх былі нашы біскупы з Гродна: біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

pinter1

Падчас сустрэчы з мясцовымі біскупамі Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр выказаў словы ўдзячнасці за цёплы прыём і адзначыў, што з вялікай радасцю прыступае да сваіх новых абавязкаў - прадстаўляць Святога Айца Францішка ў нашай краіне.

Падчас сустрэчы ў аэрапорце дыпламат распавёў, што на пачатку свайго служэння вельмі хоча пазнаёміцца з сітуацыяй вернікаў у Касцёле на Беларусі, пра які ўжо шмат чуў і чытаў, дыялогам з Праваслаўнай Царквой і іншымі пытаннямі. Апостальскі Нунцый адзначыў, што ў бліжэйшы час плануе наведаць усе каталіцкія дыяцэзіі нашай краіны.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр распавёў, што два тыдні таму назад бачыўся са Святым Айцом Францішкам, з якім размаўляў пра нашую краіну і пра апошні візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Вечны Горад. Як адзначыў іерарх, гутарка таксама ішла пра магчымы візіт Святога Айца ў Беларусь. „Папа абяцаў мне, што знойдзе час і адпаведную нагоду, каб наведаць Беларусь. Будзем працаваць у гэтым накірунку”, – заявіў Апостальскі Нунцый.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр быў прызначаны новым дыпламатычным прадстаўніком Святога Айца ў Беларусі 13 мая 2016 года. Да гэтага ён працаваў у дыпламатычных прадстаўніцтвах Святога Пасаду на Гаіці, у Балівіі, Швецыі, Францыі, на Філіпінах і ў Аўстрыі.

Новы прадстаўнік Святога Пасаду ў Беларусі валодае венгерскай, нямецкай, італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай, крэольскай, шведскай і рускай мовамі.

Тэкст: Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксандра Шчыглінская