15 жніўня ў парафіяльным касцёле ў Дзятлава адбылася св. Імша з нагоды парафіяльнай урачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На набажэнстве прысутнічалі шматлікія святары і вернікі, якія прыбылі, каб ушанаваць Маці Божую.
Сёлетняя адпустовая ўрачыстасць была выключная тым, што св. Імшу цэлебраваў новапрэзбітэр кс. Алег Каралёў SDB. Святар атрымаў прэзбітэрскія пасвячэнні 16 ліпеня ў Мінску з рук біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
"Маці Божая, якая апякуецца нашай парафіяй, так вельмі хоча, каб кожнае Яе дзіця было блізка Пана Бога", - адзначыў, вітаючы ўсіх удзельнікаў літургіі, пробачш парафіі кс. Здзіслаў Пікула SDB. Карыстаючыся магчымасцю кс. пробашч падзякаваў усім прысутным на св. Імшы прадстаўнікам улады за ветлівасць, супрацоўніцтва і канструктыўны дыялог.
Новапрэзбітэр кс. Алег Каралёў падзякаваў вернікам дзятлаўскай парафіі за малітвы ў яго інтэнцыі і прасіў, каб далей спадарожнічалі яму сваёй малітвай і прасілі Бога аб новых пакліканнях да службы ў Касцёле.
Вернікі ў гэты дзень прынеслі сплеценыя вяночкі з кветак і збожжа, а таксама плады зямлі, каб іх асвяціць. Асаблівым чынам падчас св. Імшы яны дзякавалі Пану Богу за сёлетні ўраджай і за хлеб штодзённы. У супольнай малітве прасілі, каб Бог аберагаў увесь свет ад голаду, агню і вайны.
Адпустовая ўрачыстасць стала для ўсіх парафіян сапраўдным святам, да якога яны доўга рыхтаваліся. За тры дні да адпустовай урачыстасці вернікі перажывалі 40-гадзіннае набажэнства на ўспамін аб 40 гадзінах самотнасці Хрыста ў гробе. Гэта быў час доўгай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту - час ласкі, калі Бог прыходзіць да чалавека ў адараванай гостыі.
На заканчэнне ўрачыстасці моладзь дзятлаўскай парафіі ад імя ўсёй парафіяльнай супольнасці павіншавала новага святара, які ўзначаліў урачыстасць, і пажадала яму, каб ніколі не стамляўся, але з адвагай абвяшчаў усім Божае Слова.
Кс. Юрый Марціновіч