З 8 па 12 жніўня ў Слоніме пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшлі "Канікулы з Богам" для моладзі, якая займаецца спортам. Арганізавалі мерапрыемства кс. Артур Малафей - душпастыр спартсменаў - і трэнерскі штаб футбольнага клуба "Слонім". На "Канікулы з Богам" прыехалі футбалісты, плыўцы і гандбалісты з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
Кожны дзень распачынаўся св. Імшой, пасля чаго адбываліся прафесійныя трэніроўкі на штучным футбольным полі ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" г. Слоніма.
Адным з пунктаў праграмы стала экскурсія ў Жыровічы.
У сераду 10 жніўня адбыўся таварыскі матч паміж камандай моладзі "Зборная Гродзенскай дыяцэзіі" і мінскай футбольнай камандай "Трактар". Перамогу атрымала каманда нашай дыяцэзіі з вынікам 8:2. На наступны дзень наша моладзь згуляла таварыскі матч супраць прафесійнай каманды Вышэйшай Лігі па пляжным футболе "Фарсаж" (г. Слонім). Гэтым разам "Зборная Гродзенскай дыяцэзіі" прайграла з лікам 5:6.
Яшчэ адзін таварыскі матч прайшоў 12 жніўня. "Зборная Гродзенскай дыяцэзіі" перамагла адну з моладзевых каманд ФК "Слонім" з лікам 5:1.
Акрамя спартыўных мерапрыемстваў моладзь збіралася на супольныя малітвы і разважанні над Божым Словам, што дапамагала юнакам паглыбіць сувязь з Богам.
Удзельнікі "Канікул з Богам" выказваюць асаблівую падзяку пробашчу парафіі ў Слоніме кс. Ігару Анісімаву, а таксама кіраўніку ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" Юрыю Бяссонаву.
Кс. Артур Малафей