10 жніўня, у другі дзень дыяцэзіяльнай сустрэчы міністрантаў Гродзенскай дыяцэзіі хопцаў чакала забаўляльная праграма, экскурсія па горадзе Ліда і мноства станоўчых эмоцый. Дзень пачаўся з ранішняй малітвы і св. Імшы, якую ўзначаліў кс. біскуп Юзаф Станеўскі.
Іерарх заклікаў маладых людзей сведчыць аб сваёй веры не толькі ў касцёле, пры алтары, але і па-за ім, каб людзі, якія не ведаюць Бога, не ведаюць пра Яго бязмежную любоў да чалавека, пачалі задумвацца аб сваім жыцці. “Міністрант не павінен быць міністрантам толькі ў касцёле. Вы заўсёды павінны быць прыкладам для іншых, у якіх яшчэ няма адвагі ісці за Хрыстом, быць міністрантам ці проста прыйсці ў касцёл”, - сказаў кс. біскуп.
Напрыканцы гаміліі бп. Юзаф адзначыў, што Бог даў моладзі магчымасць сказаць гэтаму свету, што яны існуюць, яны вераць, яны ідуць за Хрыстом і з'яўляюцца надзеяй Касцёла.
Пасля св. Імшы міністранты разам са святарамі і біскупам Юзафам наведалі славутасці горада.
Для хлопцаў правялі экскурсію па Лідскім замку, дзе іх чакалі танцы, прадстаўленні, рыцарскія турніры. Міністранты нават мелі магчымасць прымерыць сапраўдныя рыцарскія даспехі, узяць у рукі меч і пастраляць з лука. Таксама хлопцы наведалі найстаражытнейшы фарны касцёл у цэнтры горада, дзе экскурсію для іх правёў кс. Уладзіслаў Сурвіла.
На заканчэнне хлопцы памаліліся Вяночкам да Божай міласэрнасці і дзякавалі Богу за два дні міністранцкіх сустрэч, якія былі напоўнены малітвай, сведчаннем веры, распазнаннем свайго паклікання, новымі ўражаннямі і сябрамі.
Падрыхтавала Вікторыя Бурч