Skip to main content

У Юрацішках прайшлі Святыя місіі

saint mission 2З 1 па 7 жніўня ў парафіі Перамяннення Пана ў Юрацішках адбыліся Святыя місіі, якія правёў кс. Аляксей, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве. Місійныя набажэнствы адбываліся штодня на працягу тыдня а 10-ай і а 19-ай гадзіне, каб паўдзельнічаць маглі ўсе ахвочыя. Кожны дзень місій меў сваю тэматыку, дзякуючы чаму вернікі змаглі ўзнавіць веды, нанова адкрыць для сябе Божую любоў.

Панядзелак быў прысвечаны сакраманту хросту, аўторак - сакраманту канфірмацыі, серада – сакраманту намашчэння хворых. У чацвер вернікі ў малітве ўзгадалі памерлых. У пятніцу кс. Аляксей падрабязна распавёў аб сакраманце пакаяння і паяднання, каб прысутныя добра падрыхтаваліся да місійнай споведзі. Асаблівую атмасферу набыла суботняя вячэрняя Імша, калі пары ўсіх узростаў аднавілі сужэнскія абяцанні.

Раніцай у нядзелю вернікі сабраліся каля касцёла, каб разам з ксяндзом-дзеканам Віктарам, ксяндзом-місіянерам Аляксеем, ксяндзом-пробашчам Віталіем удзельнічаць у асвячэнні місійнай табліцы на крыжы.

saint mission 3

Падчас урачыстай св. Імшы кс. Аляксей узгадаў аб важнасці індывідуальнай малітвы, безлічы яе ласкаў і заклікаў карыстацца магчымасцю сакраманта пакаяння і як часцей прыступаць да Святой Камуніі.

Св. Імша скончылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту, урачыстай працэсіяй і ўшанаваннем Місійнага крыжа.

Вернікі падзякавалі пробашчу Віталію за арганізаваныя місіі і кс. Аляксею за іх правядзенне, за адпаведныя словы і шчырую малітву. “Вы ўзаралі глебу нашых сэрцаў і пасадзілі ў іх добрае насенне, і мы даем слова клапаціцца пра тое, каб яно прарасло і дало багаты плён”, – паабяцалі вернікі.

saint mission 1

Падрыхтавала Вікторыя Пярлухіна