5 жніўня а 12-ай гадзіне ў гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя адбылася адпуставая св. Імша з нагоды чарговай гадавіны каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай. На св. Эўхарыстыі прысутнічалі парафіяне і госці, якія сабраліся каля галоўнага алтара. Узначаліў набажэнства кс. біскуп Алег Буткевіч.
У гаміліі іерарх папярэдзіў, што “ніколі не трэба ўспрымаць знакі, праявы Божай любові да людзей як штосьці, што ўжо адышло ў гісторыю і больш не датычыць сучаснага чалавека. І варта дзякаваць Маці Божай за тое, што мы, тут прысутныя, заўсёды вяртаемся да Бога”.
Ужо традыцыйна напрыканцы св. Імшы пробашч парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. Ян Кучынскі распавёў сабраным пра цуды, здзейсненыя МБ Кангрэгацкай. Гэтым разам святар узгадаў пра выпадак аздараўленне немаўля:
- Нованароджанаму ў пэўнай сям’і паставілі дыягназ невылечнай хвробы. Дзіця падключылі да апарату штучнага падтрымання жыцця і папярэдзілі бацькоў, каб тыя рыхтаваліся да найгоршага. Маці хлопчыка пачала шукаць дапамогі ў Бога і, зайшоўшы ў нашу катэдральную святыню, як раз трапіла на адмаўленне Ружанца каля алтара МБК. Жанчына накіравала да Нябеснай Маці свае просьбы, і нядаўна яе ўжо здароваму дзіцятку споўніўся год. Хлопчыка завуць Сяргей.
Дзякуючы цудам, якія адбываюцца праз заступніцтва МБ Кангрэгацкай, Яе культ няспынна пашыраецца сярод вернікаў Гродзеншчыны і па-за яе межамі.
Падрыхтавала А. Марцішэўская
Фота: Г. Шалкевіч