Skip to main content

Завяршылася VІІІ парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі

parafijada grodna 38Раніцай 23 чэрвеня ўрачыста завяршылася VIII парафіяда для дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. На св. Імшы ў гродзенскім касцёле імя Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі на заканчэнне спаборніцтваў, а таксама на ўручэнні ўзнагарод, удзельнічаў кс. біскуп Аляксанд Кашкевіч.

Падчас набажэнства ўдзельнікі парафіяды спевамі і малітвамі дзякавалі Богу за супольна праведзены час і магчымасць прадэманстраваць і развіць свае таленты.

З Божым Словам падчас св. Імшы да моладзі звярнуўся кс. Юрый Марціновіч:

- Кожнае спатканне з іншым чалавекам уносіць нешта новае ў нашае жыццё. Парафіяда, сутнасць якой палягае на сустрэчы з Богам і бліжнім, у першую чаргу павінна ўзбагаціць і духоўна аднавіць вас. Арганізатары спадзяюцца, што кожны з вас падчас селётніх мерапрыемстваў убярэ ў сябе тое, што неабходна, каб быць сапраўдным сведкам Хрыста.

Кс. Юрый заклікаў таксама не саромецца сведчыць аб сваёй веры па-за межамі Касцёла і ажыццяўляць вучэнне Хрыста.

Пасля супольнай Эўхарыстыі прызёры спаборніцтваў атрымалі з рук Гродзенскага ардынарыя і арганізатараў узнагароды і памятныя падарункі.

parafijada grodna 36

І. месца заняла парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росі,

ІІ. - парафія Святой Сям’і ў Лідзе,

ІІІ. - парафія п.н. НМП Вострабрамскай Маці Міласэрнасці.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання ўсіх удзельнікаў чакаў салодкі сюрпрыз.

parafijada grodna 43

Падрыхтавала А. Марцішэўская

Фота: В. Снітко