Skip to main content

У Смаргоні вернікі прынялі сакрамант канфірмацыі

12 чэрвеня ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі SDB удзяліў 129 кандыдатам сакрамант канфірмацыі. У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падкрэсліў, што "у сучасным свеце вельмі важна быць рыцарам Езуса, які без страху вызнае сваю веру і гатовы аддаць за Яго жыццё".

Таксама біскуп падрабязна растлумачыў гісторыю станаўлення сакраманту. Параўноваючы сакраманты канфірмацыі і хросту, ён адзначыў, што "святы Касцёл у сваёй мудрасці раздзяліў іх для таго, каб вернікі маглі стала і самастойна прасіць аб удзяленні сакраманта канфірмацыі". Ён растлумачыў, што "у гэтым сакраманце Езус Хрыстус намашчвае вернікаў Духам Святым, Духам праўды і любові, Духам мужнасці, Духам адказнасці за Касцёл і за прысутнасць Хрыста ў свеце". Біскуп Аляксандр заклікаў прысутных быць адважнымі сведкамі сваёй веры, несці яе з радасцю і адказна перадаваць іншым.

Напрыканцы св. Імшы вернікі выказалі словы падзякі біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB за ўдзелены сакрамант, супольна перажытую Эўхарыстыю, малітву і словы, якія ён скіраваў да вернікаў. Таксама са шчырымі сэрцамі парафіяне склалі словы ўдзячнасці ксяндзу-пробашчу Алегу Жураўскаму SDB, кс. Аляксандру Пятровічу і с. Ірыны Барцэвіч FMA, якія ахвярна рыхтавалі іх да сакраманту канфірмацыі, духоўна суправаджалі і падтрымлівалі.

Аўтар: Наталля Субко і Вераніка Рогач

Фота: Эліна Урбанайць