Skip to main content

У Гродзенскай катэдры адбыліся святарскія пасвячэнні. “Не вы Мяне выбралі, а Я выбраў вас...”

img 5602Ва ўрачыстасць Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў гродзенскай катэдры адбыліся пасвячэнні прэзбітэрату і дыяканату. Касцёл узбагаціўся трыма новымі святарамі і адным дыяканам, выхаванцамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

На распачацце св. Імшы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч даверыў кандыдатаў апецы Марыі – Маці святароў. Заахвоціў верных маліцца праз Яе заступніцтва ў інтэнцыі вернасці тых, хто прымае пасвячэнні.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што святарская паслуга паходзіць ад Хрыста. “Езус – адзіны пасрэднік паміж Богам і людзьмі, які прагне, каб усе былі збаўленыя і дайшлі да пазнання Праўды”. Гэту вялікую справу Ён даручыў апосталам і іх пераемнікам, сярод якіх – і сённяшнія кандыдаты. “Не вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў, каб вы ішлі і прыносілі плён”, – звярнуўся словамі Езуса да кандыдатаў біскуп. Ардынарый адзначыў, што іх місіяй становіцца ратаванне чалавека ад духоўнай смерці і набліжэнне яму вобраза Бога.

Іерарх звярнуў увагу, што пакліканне нараджаецца ў сям’і, таму заўсёды вельмі важная атмасфера ў “малым касцёле”, бо “тое, што чалавек выносіць з роднага дому, застаецца з ім на ўсё жыццё”. І выказаў падзяку бацькам.

Кандыдаты выразілі гатоўнасць прыняць на сябе новыя абавязкі. Ксёндз дырэктар Раман Рачко, рэктар семінарыі, прызнаў іх годнымі пасвячэння. Затым вернікі адспявалі Літанію да Усіх Святых, падчас якой кандыдаты на знак глыбокай пакоры ляжалі перад алтаром крыжам. Пасля ксёндз біскуп усклаў рукі на кандыдатаў і заклікаў Святога Духа, каб умацаваў іх у паслузе дыяканату і прэзбітэрату.

Напрыканцы новапасвечаныя святары і дыякан выказалі падзяку ўсім тым, хто быў побач з імі на дарозе жыцця. Прагучалі наступныя словы: “Кожны з нас, можа, і трохі нясмела, але з верай, хоча паўтарыць за святым апосталам Паўлам, што "ласкай Бога я з'яўляюся тым, кім з'яўляюся, і ласка гэтая не была марнай"”.

img 5648

“Сёння я гляджу на вас з вялікай надзеяй, што будзеце вернымі і святымі сынамі нашага Касцёла, непахіснымі і мужнымі сведкамі Хрыста. Нягледзячы на спакусы і цяжкасці, не бойцеся, Езус заўсёды з вамі”, – сказаў на заканчэнне біскуп.

img 5696

Прэзбітэрскія і дыяканскія пасвячэнні прынялі:

Ксёндз Андрэй Скамарошка (паходзіць з парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне).

Ксёндз Павел Скуба (паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы).

Ксёндз Ян Варанецкі (паходзіць з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне).

Дыякан Яўген Ціхан (паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе).

Тэкст: Ангеліна Пакачайла

Фота: Вольга Сяліцкая