Skip to main content

Семінарысты прынялі ўдзел у пасяджэнні грамадскага дыскусійнага клуба "Словадром"

31 мая клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з кс. прэфектам Віталіем Сідоркам наведалі абласную бібліятэку імя Ф.Карскага, дзе на чарговым пасяджэнні грамадскага дыскусійнага клуба “Словадром” адбылася сустрэча творчай інтэлігенцыі па пытаннях рэлігіі ў літаратуры і жыцці.

Шматлікія пісьменнікі, паэты, публіцысты, студэнты, навукоўцы, прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій – каталіцкай, праваслаўнай, іўдзейскай – спрабавалі падчас дыскусій выказаць свой пункт гледжання на шматлікія пытанні, звязаныя з уплывам ідэй хрысціянства на мастацтва, у тым ліку і на літаратуру. Асабліва прыемна было пачуць з вуснаў як пачынаючых, так і ўжо сталых паэтаў Гродзеншчыны асабістыя вершы на рэлігійную тэматыку.

 

Гэта была выдатная магчымасць не толькі пачуць думкі людзей розных светапоглядаў, але і дакрануцца да культурнай спадчыны паэтаў беларускай зямлі, якія пакінулі пасля сябе значны след у гісторыі беларускай літаратуры, а таксама пазнаёміцца з сучаснымі мастакамі слова, якія спрабуюць сваё пяро ў хрысціянскім накірунку. Падобныя сустрэчы не толькі ўзбагачаюць веды кожнага з нас, але і фарміруюць асобу святара, які павінен няспынна клапаціцца пра сваё развіццё, быць адукаваным, мудрым, кампетэнтным у шматлікіх пытаннях, каб у далейшай святарскай дзейнасці не толькі даносіць Божае слова, але і садзейнічаць духоўнаму і інтэлектуальнаму росту іншых.

кл. Яўген