Skip to main content

"Малітва праслаўлення дапамагае будаваць адносіны з Богам". Вечар хвалы прайшоў у Гродне

c8hzd2d6t8wУвечары 25 мая ў рамках эўхарыстычнага кангрэсу ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля адбыўся вечар хвалы. Спачатку вернікі сабраліся на св. Імшы, пасля чаго мелі магчымасць паўдзельнічаць у канцэрце праслаўлення. Св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляскандр Яшэўскі, які заклікаў прысутных "цаніць свабоду веравызнання, дар Эўхарыстыі і спяшацца на сутрэчу з Хрыстом". У набажэнстве таксама прынялі ўдзел ксяндзы, кансэкраваныя асобы з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі і святары з Польшчы.

Гамілію да сабраных вернікаў прамовіў грэміяльны канонік кс. Антоні Грэмза:

- Мы вельмі часта, амаль што пастаянна, у сваіх малітвах звяртаемся да Бога з просьбамі, тым самым намагаючыся ператварыць яго ў бяздушнага выканаўцу нашых жаданняў. Малітва праслаўлення ў сваю чаргу дапамагае ўсвядоміць, што Бог - гэта асоба, з якой трэба будаваць адносіны. Гэтая малітва дапамагае паяднацца з Госпадам, аддаць Яму пашану і паглыбіцца ў хвалі Ягонай любові.

Малітву праслаўлення ўпрыгожылі гурт "OPEN" і моладзевы хор з Нігерыі. Усе прысутныя ў святыні спевамі і танцамі дзякавалі Госпаду за тое, што Ён прысутнічае ў іх жыцці.

А. Марцішэўская, В. Сяліцкая