Skip to main content

Адбылася інсталяцыя Гродзенскага катэдральнага капітула

img 320719 мая, у свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя падчас св. Імшы а 12 гадзіне адбылася інсталяцыя Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра Каралевіча. Гэта падзея з'яўляецца гістарычнай для маладой дыяцэзіі.

Капітул - гэта калегія духавенства, якая існуе пры катэдральнай святыні і з'яўляецца дарадчым органам пры біскупе. Акрамя гэтага капітул павінен клапаціцца пра адпаведнае здзяйсненне ва ўсёй дыяцэзіі цырымоній і абрадаў, якія праводзяцца дзеля хвалы Божай. Складаецца капітул з грэміяльных і ганаровых канонікаў, якім прызначаюцца дадзеныя тутылы ў знак падзякі за заслугі перад Касцёлам. Галоўным адрозненнем ганаровых канонікаў ад грэміяльных з'яўляецца тое, што апошнія маюць вызначаныя біскупам правы і абавязкі.

Гродзенскі катэдральны капітул складаецца з васьмі грэміяльных і дзевяці ганаровых канонікаў.

img 3165

img 3155

- Noblesse oblige (фр) - гонар абавязвае, - звярнуўся ў гаміліі да канонікаў кс. З. Вэдэр SDB, - і неабходна, каб прызначэнне гэтых тытулаў дапамагала вам узрастаць у веры і прыносіць добры плён.

Галоўнай часткай св. Імшы стаў сам абрад інсталяцыі капітулa: новыя канонікі прачыталі сімвал веры, склалі прысягу ў вернасці, а таксама атрымалі адзнакі годнасці - асвечанае адзенне каноніка і крыж (на адным баку з выявай св. Казіміра, на другім баку - з абразом Унебаўзяцця найсвяцейшай Панны Марыі. На ланцужку крыжа змяшчаецца выява герба г. Гродна). Элементам абраду было таксама заняцце праз канонікаў сваіх месцаў.

img 3084

img 3101

На заканчэнне ўрачыстасці кс. Генрык Яблонскі - дэкан капітула - ад імя усіх канонікаў падзякаваў кс. біскупу Аляксандру Кашкевічу за аказаны давер і паабяцаў, што яны будуць прыкладаваць усялякія намаганні, каб годна працягваць гісторыю развіцця Гродзенскай дыяцэзіі.

img 3207

Ангеліна Марцішэўская, Ангеліна Пакачайла