Skip to main content

“Па-сямейнаму ў Духа”. На Альшанцы адбыўся парафіяльны фэст

img 044815 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, у гродзенскай парафіі Святога Духа на Альшанцы адбыўся парафіяльны фэст. Дзякуючы душпастырскім намаганням пробашча парафіі кс. Паўла Салабуды, свята прайшло ў цёплай, сямейнай атмасферы.

Парафіяльны фэст на Альшанцы распачаўся св. Імшой на касцёльным пляцы. Галоўным цэлебрантам урачыстай літургіі быў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, а хор "Cantate Domino" упрыгожваў набажэнства сваім спевам.

Звяртаючыся з гаміліяй да сабраных вернікаў, кс. бп. Юзаф падкрэсліў значэнне і ролю Святога Духа ў жыцці кожнага хрысціяніна.

“Тым, што ажыўляе, дае сілу, моц нашаму целу, розуму, усёй нашай істоце, з’яўляецца Святы Дух, - сказаў іерарх. - Сёння праз дзіцячыя галасы, праз роздум старэйшых людзей, праз добры намер сужанстваў, праз сваю прысутнасць мы кажам, што Панам ёсць Езус. Дух Святы напаўняе нас, каб мы плылі па моры жыцця і здабывалі гэты свет для Хрыста, каб не заставаліся на адным месцы са сваімі праблемамі і турботамі, але каб адважна ішлі з Божай моцай наперад”.

img 0359

У сваю чаргу пробашч парафіі кс. Павел Салабуда адзначыў, што сёлета ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў парафіі на Альшанцы святкуецца асаблівым чынам, паколькі менавіта ў гэты дзень год таму тут быў асвечаны крыж і зямля пад будаўніцтва новага касцёла. Кс. Павел падзякаваў парафіянам, якія прыкладаюць усе намаганні для таго, каб парафіяльная супольнасць павялічвалася і развівалася.

img 0427

“Сёння я шчаслівы, бо бачу сваіх парафіянаў, якія ўяўляюць сабою сапраўдную вялікую хрысціянскую сям’ю. Вельмі цешуся, што мы змаглі арганізаваць фэст, які злучае ў сабе і малітву, і адпачынак. Спадзяюся, што парафіяльнае свята ўпішацца ў каляндар нашых традыцый і будзе праходзіць штогод”, - падкрэсліў кс. Павел Салабуда.

Напрыканцы св. Імшы бацькі разам з дзецьмі, якія летась упершыню прынялі святую Камунію, падзякавалі пробашчу і сёстрам законным за выхаванне ў хрысціянскай веры дзяцей, а таксама за клопат пра душы дарослых.

Пасля ўрачыстага набажэнства былі падведзены вынікі парафіяльнай латарэі, галоўным прызам якой стаў ровар.

Затым адбылося першае выступленне дзіцячага ансамбля "Анёлы".

img 0448

Таксама падчас фэсту праводзіўся дабрачынны кірмаш, сабраныя сродкі з якога пойдуць на лячэнне хворай парафіянкі, дзяўчынкі Міланы Сафінай. 

Парафіялны фэст “Па-сямейнаму ў Духа” цягнуўся да самага вечара, у яго праграме хапала вясёлых конкурсаў і забаваў. Яны не пакінулі абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых.

img 0459

Гражына Шалкевіч