7 мая распачаліся 23 Дыяцэзіяльныя дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, якія бяруць свой пачатак з 1993 года. Дэвізам сёлетніх ДДМ стаў выраз "Пакліканыя быць прыладамі Божай Міласэрнасці". У гэтым годзе колькасць удзельнікаў налічвае каля 1300 чалавек і з'яўляецца крыху меншай, чым у мінулым годзе.
Гэтым разам моладзь з розных куткоў дыяцэзіі прыймае парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах. Трохдзённую сустрэчу “адчыніла” супольная вячэрняя адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, пасля якой маладыя вернікі прынялі ўдзел у св. Імшы.
На пачатку набажэнства, як і штогод, моладзь вывучыла “крычалку”: міласэрны ёсць Пан і ласкавы, Ён выбраў нас на прылады, дапамагаць бліжнім у патрэбе, навучыць нас міласэрнасці.
Гамілію для моладзі падчас св. Імшы прамовіў кс. Антоні Грэмза – арганізатар ДДМ.
- Езус сабраў вас тут, каб вы маглі адчуць сябе адной сям’ёй і ўзмацніцца ў веры. Хрыстос збірае вас кожны раз на днях моладзі, каб вы маглі даверыць яму сваю маладосць і праз гэта мець цудоўную ідэю для сваёй будучыні, для свайго жыцця.
На завяршэнне першага дня маладзёны мелі магчымасць паслухаць канферэнцыю на тэму міласэрнасці і паўдзельнічаць у канцэрце праслаўлення, які правёў гродзенскі гурт “Open”.
В. Сяліцкая