30 красавіка ў касцёле св. Архангела Міхаіла г. Навагрудка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў пасля рамонту арган, гукаў якога навагрудчане не чулі на працягу двух дзесяцігоддзяў.
Як распавёў пробашч парафіі кс. Юрый Жэгарын, на аднаўленне касцёльнага шасцігалоснага аргана, якому, дарэчы, больш за 100 гадоў, было затрачана шмат працы. Спецыялістаў, якія маглі б выканаць гэтую работу, у нашай краіне таксама няма, таму прыйшлося прыцягваць замежных. Зрэшты і неабходныя дэталі заказваліся за мяжой, большасць была дастаўлена з Германіі.
– Арган – гэта вельмі складана арганізаваны інструмент, і духавы, і клавішны адначасова, – падкрэсліў ксёндз Юрый. – Кожны яго голас – гэта цэлая сістэма трубак, куды нагнятаецца паветра, дзякуючы асаблівым скураным мяхам. У нашым аргане замяняць прыйшлося большую частку трубак, мяхоў, якія страцілі сваю эластычнасць, і іншыя дэталі. Работы доўжылі два месяцы і напрыканцы сакавіка арган загучаў.
– Вібрацыі паветра ад гучання аргана адчуваюцца нават на падлозе, можна сказаць, што ствараецца своеасаблівае 3D-успрыманне музыкі. Не дарма арган называюць “каралём інструментаў”, – адзначыў ксёндз Юрый. – Наш арган будзе выкарыстоўвацца не толькі падчас літургій. У самых бліжэйшых планах правядзенне ў касцёле арганных канцэртаў не толькі духоўнай, але і класічнай музыкі, якія так папулярны ў краіне.
Падчас асвячэння аргана бп. Аляксанд Кашкевіч выказаў упэўненасць у тым, што дзякуючы арыгінальнаму гучанню гэтага музычнага інструмента правядзенне літургій у касцёле стане больш прыгожым і ўрачыстым. Музыка, якая гучыць у храмах, прасляўляе Бога і дапамагае чалавеку маліцца, а гук аргана стане прыгожым сімвалам новай музыкі, якую вернікі спяваюць Богу.
Затым біскуп удзяліў сакрамант канфірмацыі 56 навагрудчанам, большасць з якіх – гэта моладзь. У жыцці каталіцкага верніка таінства мае вялікае значэнне, бо сімвалізуе канчатковае ўвядзенне ў склад царкоўнага грамадства, умацоўвае божую ласку, атрыманую пры хрышчэнні.
Гучанне аргана і спевы Гродзенскага дыяцэзіяльнага хору Cantate Domino зрабілі правядзенне ўрачыстасці асабліва святочным і незабыўным. Удзельнікамі набажэнства таксама сталі намеснік старшыні райвыканкама С.М. Каралько, загадчык сектара фізічнай культуры, спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Л.М. Федарчук і святары з іншых парафій.
– Аднаўленне аргана касцёла св. Архангела Міхаіла – вялікая культурная падзея для ўсяго горада, – лічыць ксёндз Юрый. – Арыгінальных арганаў, якія прадстаўляюць матэрыяльную каштоўнасць, не вельмі шмат. Наш – адзіны дзеючы арган на некалькі раёнаў вобласці, таму ёсць усе падставы меркаваць, што яго гукі заклічуць у наш горад шматлікіх паломнікаў і турыстаў з іншых рэгіёнаў краіны.
Анастасія Пятрова