Skip to main content

У смаргонскім араторыі адбыўся апошні чацвёрты тур “Бітвы мікрараёнаў-2016”

23 красавіка ў смаргонскім Араторыі адбыўся апошні чацвёрты тур “Бітвы мікрараёнаў-2016”. Фінальны тур Бітвы быў творчым. Нагадаем, што да фіналу каманды прянілі ўдзел у трох турах – тур прадстаўленне, інтэлектуальны і спартыўны.

Відавочнага лідэру перад чацвёртым турам не было: SWEG – 289 балаў, "Аліўе" – 288 балаў, СНГ – 277 балаў.

Падчас св. Імшы, якой традыцыйна пачынаўся кожны з тураў "Бітвы", дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Алег Жураўскі SDB надаў настрой для ўдзельнікаў фінальнага тура: "Любіце адзін аднаго, як наказаў нам рабіць гэта Езус Хрыстус. Узаемная любоў яднае ўсіх, асабліва хрысціян. Мы прымаем удзел у Бітве мікрараёнаў не дзеля таго, каб стаць пераможцамі, але дзеля таго, каб у любві адзін да аднаго падзяліцца тым, што маем. Наш моладзевы праект “Бітва Мікрараёнаў” – гэта любоў Хрыста ў дзеянні, доказ таго, што хрысціянства – гэта стыль жыцця, а не толькі малітва".

Чацвёрты тур стаў кульмінацыяй "Бітвы". Каманды ўразілі сваёй крэатыўнасцю, моладзевым запалам і энэргіяй. Неабходна было паказаць свае таленты ў трох конкурсах: рэлігійная песня, танец і папуры. Гледачоў сабрался каля 200 чалавек, у журы былі прадстаўнікі Смаргонскай школы мастацтваў ім. М. К. Агінскага і педагог арганізатар Смаргонскай школы-садка. Падчас конкурсу песні вылучыўся дуэт каманды "Аліўе", які ў суправаджэнні гітары, скрыпак і фартэпіяна ў шматмоўным варыянце выканаў песню “Алелюя” Леанарда Коэна.

Падчас конкурсу танца былі выкананы народны танец, бугі-вугі і банс. Усе танцы каманды зрабілі з пэўным сюжэтам, са сваёй харэаграфіяй і ў стылі менавіта свайго калектыву. У папуры на тэму “Аднойчы да нас прыехаў…” каманда SWEG паказала легенду Араторыя пра жыццё мясцовага “прывіду”, СНГ прапанавалі аповяд пра жыццё і клопаты салдата тэрміновай службы, а "Аліўе" нагадалі ўсім прысутным як праходзілі папярэднія тры туры Бітвы. Пакуль падводзіліся агульныя вынікі "Бітвы", слова трымала журы. Усе члены журы выказвалі адну і тую ж думку: "Смаргонская моладзь паказала сябе супер-таленавітай".

Галоўная мэта Бітвы дасягнута. Да ўдзелу прыцягнута вялікая колькасць моладзі, якая дагэтуль увогуле не ўяўляла сабе такі варыянт адпачынку і сумеснага правядзення вольнага часу. У гэтым годзе асаблівага поспеху дасягнула каманда СНГ, бо менавіта гэта каманда далучыла ў свой склад найбольшую колькасць дадатковых удзельнікаў: ваенаслужачыя тэрміновай службы, школьнікі сярэдняй школы № 1.

У любым спаборніцтве павінен быць пераможца. У Бітве мікрараёнаў-2016 па вініках чатырох тураў перамагла каманда SWEG, якая набрала 426 балаў (137 балаў у творчым туры), другое месца – "Аліўе" з 420 баламі (132) і трэцяе месца ў каманды СНГ, якая ў выніку атрымала 405 балаў (128).

Усе удзельнікі і гледачы атрымалі сувеніры ад арганізатараў – памятныя кішэнныя каляндарыкі “Бітва мікрараёнаў-2016” з раскладам працы Араторыя, а каманды – прызы, дыпломы і сертыфікаты на вячэру ў кафэ.

Салезіяне супрацоўнікі: Аляксандр Манчак, Ларыса Валынец.

Фота: Вераніка Сінкевіч