Skip to main content

Аўтарскі вечар кс. Тадэвуша Крыштопіка прайшоў у Навагрудку

аўт вечарУ нядзелю 17 красавіка ў канцэртнай зале музычнай школы г. Навагрудка адбыўся музычны аўтарскі вечар кс. Тадэвуша Крыштопіка прысвечаны Году Міласэрнасці, які арганізавала парафія св. Міхала Арханёла сумесна з гарадской уладай.

 

Аўтарскі канцэрт сабраў розных творчых людзей з Навагрудка: паэтаў, мастакоў і ўсіх, хто цікавіцца рэлігійнай музыкай і паэзіяй. Сярод прысутных былі таксама манаскія сёстры, святары, настаўнікі. Пробашч парафіі ў Навагрудку, кс. Юрый Жэгарын, вітаючы прысутных сказаў, што “Каталіцкі Касцёл заахвочвае стаць прапаведнікамі Божай Міласэрнасці не на словах, а чынам. Паняцце “Міласэрнасць” у святле Божага Слова азначае прабачэнне, падтрымку, разуменне, шчырасць любоў. Таму гэты канцэрт, стане хоць невялікім, але дзейсным крокам, каб дакрануцца праз музыку і творчасць да нашага Міласэрнага Збаўцы, Езуса Хрыста…”.

У сваім уступным слове кс. Тадэвуш Крыштопік заахвоціў слухачоў словамі святога Яна ад Крыжа “Трэба мець пастаянную прагу наследавання Езуса ва ўсім, стараючыся зрабіць падобным сваё жыццё да Яго жыцця, над якім трэба часта разважаць і негледзячы ні на што, паводзіць сябе так, як паступаў Збаўца”.

Перад кожнай песняй, быў невялікі ўступ-разважанне, падчас якога святар узгадваў словы такіх святых як Бернард з Клерво, Эдыта Штэйн, Амброзій, Аўгустын, Хосэмарыя Эскрыва, Св. Тэрэса ад Дзіцятка Езус і іншых. Апрача асабіста ўкладзеных песень, кс. Тадэвуш выконваў кампазіцыі ўласнага тлумачэння з іншых моваў, песні на замежных мовах, сярод якіх можна ўзгадаць песню “Shalom” выкананую на старажытна-яўрэйскай мове, “Магніфікат”, “Падарожжа” аўтарства Арыэля Рамірэза ў перакладзе на беларускую мову (мелодыя з гэтай песні многім вядомая, таму што выкарыстоўвалася ў праграме “В мире животных”), “Міласэрны Збаўца”, “Самуэль” аўтарства італьянскага святара Джозі Чэнто, “Не судите”, “Abba, Ойча” і іншыя.

Слухачы не ўкрываючы сваіх пачуццяў сказалі, што “праз музыку дакрануліся да Міласэрнага Езуса”. Найбольш кранальнай была песня выкананая на старажытнаяўрэйскай мове, выканананая на самым пачатку выступу, якую слухачы папрасілі выканаць на “bis”.

На вечары была таксама прысутная каталіцкая моладзь і дзеці, якія на завяршэнне, ад імя усіх вернікаў Навагрудка, падзякавалі таленавітаму госцю за выступ.

Кс. Тадэвуш Крыштопік нарадзіўся ў 1957 годзе. Навучаўся і скончыў Гродзенскае Музычнае Вучылішча і Мінскую Кансэрваторыю. У 1982 годзе паступіў у Вышэўшую Духоўную Семінарыю ў Рызе (Латвія). Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1987 годзе. Святарскае служэнне нёс у г. Ілукстэ каля Даўгаўпілса, Новым Двары, Старых Васілішках, Першамайску і Астрыне Шчучынскага раёна, потым у Гродне. Цяпер пробашч у парафіі Квасоўка каля Гродна. Песні пачаў укладаць ужо ў першыя гады свайго святарства.