У год Божай міласэрнасці свята распачалося словамі св. Фаўстыны Кавальскай: "О неспасцігальная і бязмежная Міласэрнасць Божая, хто Цябе годна праславіць і ўзвялічыць зможа?" Усе ўдзельнікі канцэрта, пачынаючы ад самых малодшых і да самых старэйшых, стараліся праславіць Пана Бога рознымі спосабамі: вершамі, спевамі, танцамі, тэатральнымі пастаноўкамі.
Згодна з традыцыяй, у гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел розныя парафіяльныя групы, а таксама іншыя ўдзельнікі. Кожны нумар быў крэатыўным і непаўторным, але самае галоўнае – кожнае выступленне нясло ў сабе радасць, якая перадавалася гледачам і панавала цэлы вечар у нашым зале. Гледзячы на дзетак, можна сказаць, што яны заўсёды нясуць вялікую радасць праз сваю дзіцячую прыгажосць і свае таленты. Моладзь захапіла гледачоў сваімі цікавымі пастаноўкамі, якія далі магчымасць задумацца. Парафіяльны хор, колы “Жывога ружанца” праслаўлялі Бога і дзякавалі за Ягоную міласэрнасць у нашай краіне і у нашых сем’ях.
Напрыканцы свята аніматары і кандыдаты падрыхтавалі невялікую тэатральную пастаноўку, у якой праз танец былі паказаны асноўныя моманты жыцця нашага Пана Езуса Хрыста. У гэты вечар у Смаргоні ўсё адбывалася так, як вучыў святы Ян Боско: "… дзеля любові да Езуса ва ўсіх было адно сэрца і адна душа". У мерапрыемстве прынялі таксама ўдзел кс. Алег Жураўскі SDB, кс. Павел Шчарбіцкі SDB, с. Ірына Барцэвіч FMA, с. Валянціна Кот FMA, с. Вераніка Блізнюк FMA, кл. Юрый Пашкавец SDB.
Кс. Павел Шчарбіцкі, удзяляючы благаслаўленне, выразіў надзею, што гэты час, праведзены разам, застанецца ў памяці на доўгія гады.
Падрыхтавала Субко Настасся
Фота: Сняжко Караліна