У нядзелю Божай Міласэрнасці ў шчучынскай парафіі прынялі восем новых міністрантаў у літургічную службу алтара. На працягу некалькіх месяцаў хлопцы рыхтаваліся да гэтай урачыстай хвіліны. Маленькія вернікі ўдзельнічалі ў фармацыйных сустрэчах, тэарытычных і практычных занятках, інтэграцыйных выяздах. За дзень да ўрачыстасці для будучых міністрантаў быў зарганізаваны дзень засяроджання, падчас якога хлопцы прыдумалі 10 запаведзяў добрага міністранта і паабяцалі выконваць іх.
Набажэнства ўзначаліў пробашч парафіі а. Вітальд Пяцельчыц SP. Падчас Эўхарыстыі новыя міністранты склалі абяцанні быць вернымі Хрысту і Касцёлу і атрымалі комжы і карткі міністрантаў.
У той жа час у капліцы ў Барташах (недалёка ад Шчучына) прынялі восем новых кандыдатаў, якія праз некалькі месяцаў падрыхтоўкі стануць міністрантамі.
Тэкст: а. Віталій Слука SP
Фота: Дзмітрый Дзікевіч