Сёння, 27 сакавіка, у 7 гадзін раніцы па вуліцах Гродна прайшла ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія, якая распачала святкаванне Уваскрасення Хрыста. Пасля шэсця ў касцёле імя св. Францішка Ксаверыя распачалася св. Імша, якую ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Набажэнства, як і штогод, сабрала вялікую колькасць вернікаў.
У сваёй гаміліі ардынарый наблізіў прысутным сутнасць свята Уваскрасення Езуса Хрыста:
- Магчыма, мы часта задаем сабе пытанне, чаму мы называем сведкамі тых, хто не бачыў на ўласныя вочы Уваскрасення Езуса. Але інакш быць не можа. Таямніца Уваскрасення не падлягае ніякай меры часу і прасторы. Ніводны чалавек не змог бы зразумець і праўдзіва апісаць з'яву ўваскрасення, калі б яму давялося быць яе навочным сведкам. Менавіта таму Хрыстос пакідаў толькі знакі свайго змёртвыхпаўстання. А той факт, што сёння мы ведаем пра ўваскрасенне, з'яўляецца сведчаннем веры вучняў Езуса.
Хрыстос паказаў нам, што смерць больш на мае ўлады, што апошняе слова засталося не за смерцю, але за жыццём. (...) Смерць не знікла, але згубіла сваю моц, паклаўшы тым самым канец найбольшай драме ў жыцці чалавека.
На заканчэнне св. Імшы біскуп Аляксандр павіншаваў прысутных са святам Вялікадня і склаў словы падзякі хору і аркестру за ўпрыгожанне набажэнства.
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская
Фота: Вольга Сяліцкая