Skip to main content

Імша Вячэры Пана цэлебравалася ў Гродзенскай катэдры

  1324 сакавіка, у Вялікі чацвер, у гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя адбылася св. Імша Вячэры Пана, якую ўзначаліў кс. бп. Аляксандр Кашкевіч. Набажэнства традыцыйна распачынае Пасхальны Трыдуум. У гэты дзень перад пачаткам літургіі пусцее табэрнакулюм, у якім на працягу года зохоўваецца Найсвяцейшы Сакрамант. З гэтага моманту і аж да Ночы Ўваскрасення ён застаецца пустым, што сімвалізуе душу, спустошаную грахом, якая патрабуе споведзі і паяднання з Богам.

Імша Вячэры Пана нагадвае пра Апошнюю Вячэру. Падобная трапеза, якую Езус раздзяліў са сваімі апосталамі, была ў той час традыцыйным пасхальным элементам, які нагадваў пра выхад ізраільцян з егіпецкага рабства. Аднак Хрыстос надаў гэтаму новы сэнс. Кажучы, што асвечаны хлеб з’яўляецца Яго Целам, а віно – Крывёю, Ён усталяваў Эўхарыстыю.

На Тайную Вячэру ў скіраваным да вернікаў слове спаслаўся кс. Аляксандр Мацкевіч:

- Падчас Апошняй Вячэры Езус паклапаціўся пра тое, каб застацца з намі да канца свету ў Эўхарыстыі. Мы павінны памятаць, што Ён таксама пакінуў нам прыклад сапраўднай любові, якая не ганарыцца і прыніжаецца, якая застаецца любоўю да самага канца.

Пасля св. Імшы працэсія святароў і вернікаў накіравалася да так званай “цямніцы”, дзе адбылося пакланенне Найсвяцейшаму Сакраманту.

  13

У набажэнстве вымоўным сімвалам адыходу Езуса, Якога схапілі пасля Апошняй вячэры, з’яўляецца спусташэнне цэнтральнага месца ў святыні – алтара. Алтар застанецца без абрусу, свечак і ўпрыгожванняў да надыходу Вялікадня.

Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская

Фота: Вольга Сяліцкая