Па традыцыі ў трэці панядзелак месяца ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адбылася малітоўная сустрэча ў духу Taize. На ёй прысутныя разам з душпастарам айцом Эдвардам Пяцельчыцам разважалі над мукай Пана.
Каля 40 чалавек прыйшло на спатканне, каб памаліцца і, мажліва, па-новаму зірнуць на свае адносіны з Богам. Атмасфера цішыні і паўзмроку спрыяла раскрыццю сэрцаў на голас Усявышняга. Прысутныя камфортна размяшчаліся на крэслах або на падлозе на мяккіх пуфах. Праз глыбокае засяроджванне смакавалі маўчанне і шукалі ў сваёй душы адказы на шматлікія пытанні.
У гэты дзень на розных мовах – беларускай, рускай, польскай і італьянскай – гучалі евангельскія чытанні, псалмы, малітвы, разважанні. Літургія малітоўнай сустрэчы была максімальна набліжана да таго распарадку, які выконваецца ў ходзе падобных сустрэч у Taize. Напрыканцы адбылася адарацыя крыжа.
“Галоўнай мэтай нашых спатканняў з’яўляецца праслаўленне Усявышняга. Праз гэтыя сустрэчы мы хочам данесці да людзей, што Бога можна сустрэць усюды”, – зазначае ў прыватнай размове аніматар Ёанна Сенкель.
Нагадваем, што малітоўныя сустрэчы ў духу Taize адбываюцца кожны трэці панядзелак месяца ў гродзенскай парафіі на Дзевятоўцы.
Запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Тэлефон для даведак: + 375 33 325 14 36, Ёанна Сенкель.
Ангеліна Пакачайла