З першага сакавіка ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя ў Гродне з’явіўся адмысловы "адпустовы канфесіянал", у якім на працягу дня можна прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Стварэнне такога канфесіянала было ініцыянаванае гродзенскім ардынарыем Аляксандрам Кашкевічам і святарскай радай.
Ідэя стала адказам на заклік Папы Рымскага Францішка адкрыць вернікам праз сакрамэнт споведзі шлях да Божай міласэрнасці.
"Адпустовы канфесіянал" будзе дзейнічаць да канца Года Міласэрнасці да 20 лістапада 2016 года. Прыступіць да сакраманту споведзі ў гэтым канфесіянале можна будзе штодзённа з 8.00 да 20.00.
Дзяжурыць у канфесіянале па чарзе будуць святары з гродзенскіх дэканатаў і дэканата Сапоцкін. Чакаецца, што падобная ініцыятыва можа ўзнікнуць і ў іншых святынях Гродзенскай дыяцэзіі, у якіх адчынены Брамы Міласэрнасці.
Паводле catholic.by