24 студзеня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г. Дзятлава адбыўся “Мядовы фэст”.
Урачыстасць распачалася св. Імшой у 18.00, на якой прысутнічалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама І.І. Крахмальчык, кіраўнікі і работнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя. Узначаліў Эўхарыстыю Рэгіянальны Настаяцель Каталіцкай Місіі “Таварыства св. Францішка Сальскага” кс. Віктар Гайдукевіч SDB.
Падчас прамовы кс. Віктар прапанаваў паразважаць над пытаннем: “Якое месца ў жыцці кожнага з нас займае Святое Пісанне?”. І зазначыў, што мы павінны добра ведаць наша мінулае, каб зразумець сённяшні дзень і мудра спланаваць нашу будучыню. Дапамогай кожнаму з нас у разуменні рэчаіснасці з’яўляецца Евангелле, якое дазваляе знайсці баланс паміж мінулым і будучым.
Пасля св. Імшы дзеці і моладзь араторыя імя блл. мучанікаў з Познані прадставілі парафіянам і ўсім прысутным святочную праграму “Сям’я – крыніца шчасця”, падчас якой падкрэслівалася, што прыкладам у фарміраванні культуры сямейных адносін з’яўляецца Святая Сям’я.
Працягам святочнага дня стала ламанне аплаткам і “Мядовы фэст” у араторыі, падчас якога госці маглі паспрабаваць стравы з мёду, бліны і розныя прысмакі.
Назва фэсту паходзіць ад свята св. Францішка Сальскага, апекуна Салезіянскага Таварыства, якога традыцыя Касцёла называе доктарам любові і слодычы. Са зваротным словам да ўсіх прысутных выступіў І.І. Крахмальчык - старшыня Дзятлаўскага райвыканкама. І.І. Крахмальчык падзякаваў кс. Здзіславу Пікуле SDB за клопат пра нашу будучыню – духоўнае выхаванне дзяцей і моладзі, за адданасць Касцёлу, парафіянам.
Паводле www.sdb.by