Skip to main content

Вернікі з гродзенскага душпастырства чыгуначнікаў прынялі ўдзел у сустрэчы працаўнікоў беларускай чыгункі

Па запрашэнню пастыра чыгуначнікаў Маладзечна ксяндза Міхала Бубена ўдзельнікі гродзенскага душпастырства працаўнікоў чыгункі раздзялілі радасць Раства Хрыстова з калегамі з Мінска-Магілёўскай і Віцебскай дыяцэзій.

На сустрэчу прыехалі госці з Мінска, Гродна і лучайскай парафіі. Св. Імшу ў касцёле св. Юзафа цэлебравалі душпастыры чыгуначнікаў Маладзечна і Мінска кс. Міхаіл і а. Станіслаў Станеўскі.

10 студзеня каталіцкі Касцёл адзначае свята Хросту Пана і чытаецца ўрывак з Евангелля ад Лукі:

А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам не Хрыстос, Ян адказваў, кажучы ўсім: "Я хрышчу вас вадою. Але прыйдзе дужэйшы за мяне, Катораму я не варты развязаць рамень Яго пасталоў. Ён будзе вас хрысціць Духам Святым і агнём. (Лк 3, 15-16).

У гаміліі а. Станіслаў звярнуў увагу вернікаў на важнасць сакраманту хросту ў жыцці хрысціяніна. У момант хрышчэння няма бачнай прысутнасці Святога Духа, але Бог вылівае на нас сваю ласку. Пасля прыняцця сакраманту чалавек становіцца дзіцём Божым, гэта вялікі дар для кожнага з нас. У дзень хросту мы нараджаемся для жыцця вечнага і праз дзеянне Духа Святога становімся спадкаемцамі Нябеснага Царства.

Кожны з нас як хрысціянін-католік абавязаны гэты дар шанаваць, берагчы і развіваць. І не толькі ад Бога, а перш за ўсё ад цябе залежыць, наколькі ты здолееш распарадзіцца гэтым скарбам.

Хрост - гэта адказнасць, у першую чаргу, бацькоў, якія прыносяць сваіх дзяцей у храм і кажуць Богу: "Я хачу, каб маё дзіця было Тваім, Божа". Гэта не павінна ператварацца ў несвядомы рытуал. Сакрамант хросту пачынаецца з правільнага выбару хросных бацькоў. Хроснымі павінны быць людзі, якія падтрымліваюць блізкія адносіны з жывым Богам, а не паспяховыя, багатыя, але бязбожныя сябры. Ці можа чалавек, які не дасведчыў Госпада, паказаць прыклад веры?

У адказнасці бацькоў перадаць сваім дзецям жывую веру, навучыць адносінам з Богам - малітве. Будзьце прыкладам у малітве, прымаючы ўдзел у нядзельнай Імшы. Абавязак таты з мамай - дапамагчы дзецям наведваць нядзельную школу (урокі катахезы), правільна арганізаваць іх вольны час. Зрабіць усё магчымае, каб дзіця даведалася і палюбіла Бога. Быць сведкам Езуса, сведчыць аб Яго міласэрнасці і любові, быць апосталам ў сваёй сям'і, на працы, у грамадстве і весці іншых да моцы Хрыста, якая ацаяле.

Пасля службы чыгуначнікі сабраліся за агульным сталом, каб падзяліцца аплаткам. Прысутных павіншаваў кс. Міхаіл Бубен - вікарый парафіі св. Юзафа.

У канцы сустрэчы пастыры агучылі план праграмы на 2016 год.

Падрыхтаваў Віталь Рабенок (паводле msj)