6 снежня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі г. Дзятлава адзначылі свята ўспаміну св. Мікалая. У гэты дзень таксама распачалася дабрачынная акцыя для дзяцей-інвалідаў “Ад сэрца да сэрца”. На працягу тыдня моладзь араторыя імя бл. мучанікаў з Познані г. Дзятлава рыхтавала віншавальныя паштоўкі на надыходзячыя святы, каб на атрыманыя сродкі падрыхтаваць падарункі для дзяцей-інвалідаў.
Пасля св. Імшы а 11 гадзіне ў дзятлаўскую святыню завітаў святы Мікалай у суправаджэнні анёлаў. Для прысутных дзяцей гэта быў сапраўдны сюрпрыз.
Прывітаўшы дзяцей і моладзь, дарослых парафіі, св. Мікалай заняў пачэснае месца ў святыні, каб уручыць дзецям салодкія падарункі. Але перш чым атрымаць пачастунак ад святога Мікалая, прысутным прышлося адказваць на разнастайныя пытанні, падрыхтаваныя для іх св. Мікалаем. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні – кожны атрымаў салодкі падарунак.
Напрыканцы ксёндз Здзіслаў Пікула SDB падзякаваў св. Мікалаю за падарункі, а таксама за тое, што знайшоў час, каб наведаць дзяцей і моладзь парафіі і запрасіў у госці на наступны год.
Паводле www.sdb.by