Урачыстасць у гонар Маці Божай Вастрабрамскай, галоўнай патронкі Гродзенскай дыяцэзіі, адзначылі 16 лістапада. Літургію ўзначаліў кс. бп. Юзаф Станеўскі. У св. Імшы таксама прынялі ўдзел рэктар Гродзенскай семінарыі кс. Раман Рачко, пробашч парафіі кс. Павел Салабуда і кс. Валерый Аброшка.
Звяртаючыся з гаміліяй да сабраных вернікаў іерарх узгадаў, што ў часы пераследу веры, вернікі з Беларусі ездзілі ў Вільню, каб маліцца перад абразом Маці Божай і выпрошваць патрэбныя ласкі і заступніцтва. Таму культ Маці Божай з Вострай Брамы вельмі распаўсюджаны ў Беларусі і вернікі здаўна адорваюць Маці Міласэрнасці глыбокай павагай за сілу яе цудатворнай любові.
Таксама кс. бп. Юзаф заахвоціў шукаць ратунку і суцяшэння ў Маці Божай, паколькі яе сэрца заўсёды адкрыта для дзяцей Божых.
“Прасіце Божую Маці ва ўсіх інтэнцыях, асабліва давярайце свае сем’і: няхай Марыя будзе ўзорам для кожнага з вас, няхай абароніць ад спакусаў і знішчэння гахом”, - сказаў біскуп.
На заканчэнне св. Імшы дзеці, якія другі год рыхтуюцца да Першай Камуніі, атрымалі з рук біскупа абразкі з выявай Святой Сям’і.
Гражына Шалкевіч