У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава, прысвечаная 25-годдзю Гродзенскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, створанай папам Янам Паўлам ІІ 13 красавіка 1991 г. Нягледзячы на сваю кароткую гісторыю, землі дыяцэзіі маюць старажытную каталіцкую традыцыю, адлюстраваную ў помніках архітэктуры і сакральнага мастацтва, рэлігійным жыцці і культавай практыцы.
Матэрыялы выставы адлюстроўваюць удзел мясцовага Касцёла ў грамадскім і культурным жыцці краіны, уплыў на развіццё беларускай мовы, фарміраванне яе высокага, рэлігійнага стылю. У цэнтры ўвагі – рэалізацыя шматлікіх праектаў сусветнага каталіцкага руху ў галіне сучасных адукацыйных праграм і тэхналогій, культуры, мастацтва і спорту, арганізацыя фестываляў рэлігійнай песні і парафіяд.
Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны Гродзенскай духоўнай семінарыі. Таксама на выставе знайшлі адлюстраванне матэрялы, якія паказваюць святкаванне Юбілейнага 2000 года хрысціянства, каранацыю цудатворных абразоў Маці Божай, кананізацыю святых, жыццё і дзейнасць якіх былі звязаны з беларускімі землямі.
Адна з прыярытэтных задач Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – данесці свой голас у працэс фарміравання грамадскага меркавання, таму асобная тэма выставы прысвечана развіццю каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі: між іншымі інфармацыйнаму парталу Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, а таксама І Кангрэсу каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі, які адбыўся ў 2012 г. у Гродне і праходзіў пад дэвізам: “Каталікі – мы тут ёсць”. Форум сабраў каля ста католікаў-журналістаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Латвіі і Расіі.
Сучасны Каталіцкі Касцёл надае важнае значэнне выданню богаслужбовых і рэлігійных кніг на роднай мове. На гродзенскай выставе прадстаўлены ўзоры беларускамоўнай кніжнай прадукцыі – Імшал, энцыкліка, малітоўнік, кнігі катэхетычнай, агіяграфічнай, дзіцячай тэматык. Значнай падзеяй у грамадска-культурным жыцці краіны стала прадстаўленае на выставе беларускамоўнае выданне Дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору (1962 – 1965), прэзентацыя якога адбылася 21 лютага 2009 г. у Гродзенскай духоўнай семінарыі.
Экспазіцыя таксама адлюстроўвае грамадскую дзейнасць Гродзенскай дыяцэзіі. У ёй, напрыклад, узгадваюцца культурна-асветніцкія мерапрыемствы для беларускай інтэлігенцыі – літаратурных вечарыны, арганізатарамі якіх сталі валанцёры партала Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by.
Падсумоўвачы, трэба адзначыць, што выстава дае ўяўленне каталіцкай супольнасці Гродзеншчыны і раскрывае вобраз сучаснага хрысціяніна, які адначасова дбае пра сваё фізічнае здароўе, любіць спорт, які прыносіць чалавеку радасць і задавальненне, карыстаецца прыгожай мовай і шануе сваю культурную спадчыну.
Ігар Ганчарук