Skip to main content

"Служыце адны адным тым дарам, які хто атрымаў" . (частка 2. Вучаніцы Крыжа)

Вучаніцы Крыжа – гэта новая манаская супольнасць, якая ўзнікла ў 1981 годзе. Яе заснавальніцай з’яўляецца с. Хрысціяна Міцкевіч. Калі сястра Хрысціяна была маладой дзяўчынай , яна ўступіла ў кангрэгацыю св. Сям’і з Назарэту, і ўжо, будучы сястрой-назарэтанкай, адкрывала ў сабе новае пакліканне – сястра хацела служыць маладым людзям, якімі ніхто не займаўся, на якіх ніхто не меў часу. Гэтую ідэю сястра Хрысціяна насіла ў сабе на працягу 7 гадоў, пасля чаго адкрылася астатнім сёстрам і сястры правінцыяльнай, якія дапамаглі ёй адважыцца даць пачатак новай супольнасці – Вучаніцы Крыжа. Супольнасць Вучаніц Крыжа была прынята Касцёлам у Польшчы, біскупам Казімірам Майданскім у Шчэцінска-Каменскай дыяцэзіі. Менавіта там супольнасць пачала развівацца, і ў дадзены момант у Польшчы служыць 68 сясцёр з супольнасці Вучаніц Крыжа.

10. Сястра Грац'яна. Вучаніцы Крыжа

закопанэ 2

- Калі я намагалася зразумець, якое месца ў гэтым жыцці з’яўляецца маім, я шмат малілася, але адначасова слухала людзей, якія былі побач са мной – гэта мой спавядальнік, мае сябры, людзі з руху “Святло Жыцця”, да якога я належала. Інакш кажучы, я жыла сярод людзей, якія былі моцна ўглыбленыя ў рэлігійнае жыццё. І мяне зачароўвала гэтае жыццё з Богам. Я прымала ўдзел у шматлікіх рэкалекцыях , оазах і пілігрымках і адчувала, што мяне моцна цягне да таго, каб прысвяціць сваё жыццё Богу. Адначасова я паспела закахацца, і ў маім сэрцы пачалася бітва: я не ведала, якое жыццё мне выбраць. Але праз некаторы час мне давялося пазнаёміцца з сястрой з Вучаніц Крыжа ( дагэтуль я ведала шматлікія манаскія супольнасці), і яны мяне заваявалі сваёй ціхамірнасцю, сваёй радасцю, сваім прагненнем служыць людзям, сваім колерам – блакітным. І ў пэўны момант я зразумела, што мая любоў да Бога пераважае. І пасля заканчэння школы я далучылася да Вучаніц Крыжа.

Паслуга Вучаніц Крыжа заключаецца ў тым, каб праз рэкалекцыі, працу з рознымі моладзевымі і дзіцячымі групамі абвяшчаць Слова Божае. Галоўным жа заданнем нашых сясцёр з’яўляецца падрыхтоўка Свецкіх Апосталаў: там, куды не дойдзе ксёндз або манахіня, існуе патрэба ў сведчанні свецкіх людзей. А нашае жыццё мы ахвяруем за тых, хто далёкі ад Бога, вечнасць якіх знаходзіцца пад пагрозай. Вельмі важным для нас з'яўляецца штодзённая аддача сябе Марыі, каб нагадваць усім, што неба перад намі – таму мы носім блакітныя вэлюмы. Нас вельмі часта называюць“нябеснымі сёстрамі” (смяецца).

Ангеліна Марцішэўская