29 верасня Каталіцкі Касцёл адзначыў свята св. Арханёлаў Міхала - апякуна Касцёла ў Беларусі, Габрыэля і Рафала. Кожны з іх адыграў асаблівую ролю ў гісторыі Збаўлення.
З гэтай нагоды раніцай а 8 гадзіне ў ВДС у Гродне адбылася св. Імша з удзелам кс. бп. Юзафа Станеўскага і шматлікіх гасцей семінарыі, падчас якой была асвечана і размешчана ў алтары фігурка святога Арханёла Міхала са знакамітага месца Монтэ Сант-Анджэла, якое семінарысты змаглі наведаць у гэтым годзе.
Таксама ў дзень 29 верасня семінарыйная супольнасць святкавала імяніны кс. Міхала Ластоўскага, выкладчыка семінарыі, кусташа дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Яснагорскай у Капцёўцы.
Ад шырага сэрца віншуем кс. Міхала з нагоды імянін і жадаем усіх Божых ласкаў, здароўя, сіл, радасці, добразычлівых людзей побач, аптымізму, душэўнага супакою, цярплівасці. Няхай заступнік, св. Міхал, абараняе ў розных жыццёвых сітуацыях, заўсёды будзе побач і дапамагае ў душпастырскай працы і служэнні людзям.
Паводле wsd.grodnensis.by