Skip to main content

Знаёмімся з першакурснікамі ВДС у Гродне

У гэтым годзе на першы курс у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне залічылі 6 юнакоў. У артыкуле ніжэй знойдзеце крыху інфармацыі адносна першакурснікаў і пазнаёміцеся з іх уласнымі думкамі наконт паклікання.

 

Уладзіслаў Малышка, парафія св. Вацлава, Ваўкавыск.

Першы раз задумаўся аб святарстве 6 гадоў таму, калі пачаў служыць пры алтары. На працягу 10 гадоў прыглядаўся да святароў, якія служылі ў маёй парафіі, але больш сур’ёзна разважаць над пакліканнем пачаў пасля 9 класа. Акрамя святарства мне заўсёды падабалася праца псіхолага і настаўніка. І калі перада мною паўстала пытанне выбару жыццёвага шляху, я вырашыў паехаць на рэкалекцыі ў семінарыю. Лічу, што менавіта духоўныя практыкаванні, сустрэчы з клерыкамі і духоўным айцом канчаткова паўплывалі на маё рашэнне. Цяпер я вельмі ўдзячны Богу за магчымасць рабіць свае першыя крокі на шляху да святарства ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

 

 

 

 

 

 

 

Вячаслаў Сягло, парафія Святой Сям’і, Ліда

Пакліканне – гэта Міласць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якой Бог адорвае кожнага з нас. У адказ на гэтую Любоў мы таксама імкнемся служыць Яму і людзям. Лічу, што менавіта служба пры алтары і рэкалекцыі ў семінарыі вельмі паўплывалі на мой жыццёвы выбар.

 

 

 

 

 

 

 

Дзмітрый Дубай, парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі, Ізабелін

Мае разважанні над пакліканнем пачаліся з прапановы пробашча парафіі наведаць Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, у якой некалькі разоў на год адбываюцца рэкалекцыі. Я згадзіўся. На той момант мне споўнілася 15 гадоў і я ўжо падаў дакументы ў каледж. На рэкалекцыях мне вельмі спадабалася, таму вырашыў, што ў наступным годзе абавязкова буду зноў удзельнічаць у іх. Падчас сустрэчы з кс. бп. Юзафам Станеўскім, які шмат распавядаў пра пакліканне, я адчуў, што таксама хачу стаць святаром. Гэта думка не пакідала мяне на працягу ўсёй вучобы ў каледжы. Таму пасля атрымання дыплома я падаў дакументы ў семінарыю і цяпер працягваю распазнаваць сваё пакліканне.

 

 

 

 

 

 

 

Павел Седлярэвіч, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Новы Двор

Ніколі не забуду мае пачуцці і ўражанні, якія перажыў, калі першы раз наведаў парафіяльны касцёл. Вельмі спадабалася прымаць удзел у Літургіі, таму, прыходзячы дадому, адразу ж пачынаў адпраўляць “сваю св. Імшу ”. Думкі пра святарства пачаліся ў 9 класе. Тады і пачаў прыязджаць на рэкалекцыі, каб распазнаваць сваё ўласнае пакліканне.

 

 

 

 

 

 

 

Сяргей Калюта, парафія св. Вацлава, Ваўкавыск

Пачаў думаць аб святарстве ў 8 класе. Вельмі любіў служыць пры алтары. Заўсёды захапляўся жыццём святара і назіраў, як ён адпраўляе св. Імшу, удзяляе св. Камунію, спавядае і г.д. Таксама і я захацеў прымаць удзел у гэтым святым служэнні. Пачаў маліцца, размаўляць са святарамі і ўдзельнічаць у духоўных практыкаваннях. Перад канчатковым выбарам вельмі моцна адчуў у глыбіні сэрца прагненне таксама служыць Богу і людзям.

 

 

 

 

 

 

 

Валянцін Міхайлін, парафія Святой Сям’і, Ліда

Думкі аб святарстве з’явіліся, калі мне споўнілася 15 гадоў. Ведаю, што Бог кліча мяне праз людзей. На працягу пэўнага часу заўважаў розныя знакі, якія ўказвалі на тое, што святарства – гэта маё пакліканне. Вельмі хачу служыць Богу і людзям, абвяшчаць Евангелле, каб кожны чалавек меў магчымасць асабіста сустрэць Жывога Бога ў сваім жыцці. Буду заўсёды імкнуцца пераймаць жыццё Хрыста, убіраючы Яго святасць, быць прыкладам сапраўднай веры для іншых кожны дзень.

 

 

 

 

 

 

 

Паводле wsd.grodnensis.by