Skip to main content

Адбылася пілігрымка на Узгорак надзеі ў Капцёўцы

 520 верасня адбылася чарговая пілігрымка да Маці Божай Цярпліва Слухаючай на Узгорак надзеі ў Капцёўцы. У паломніцтве да Нябеснай Маці прынялі ўдзел клерыкі ВДС у Гродне, дзеці і моладзь разам са сваімі бацькамі, а таксама катэхеты і душпастыры. Падчас пілігрымкі вернікі традыцыйна прасілі у Марыі заступніцтва ў новым навучальным годзе.

У набажэнствах у Капцёўцы прынялі ўдзел біскупы нашай дыяцэзіі – кс. бп. Аляксандр Кашкевіч і дапаможны кс. бп. Юзаф Станеўскі. Гамілію падчас св. Імшы прамовіў новапрызначаны прэфект гродзенскіх семінарыстаў кс. Андрэй Лішко.

 19

У пропаведзі святар звярнуў увагу вернікаў на такое паняцце як “рэлігійны супермаркет”. Кс. Андрэй адзначыў, што часта людзі паводзяць сябе адносна Бога, веры і Касцёла так, нібы яны знаходзяцца ў супермаркеце – яны бяруць толькі тое, што ім падабаецца, чаго ім хочацца і праходзяць міма таго, што ім не адпавядае.

“Сапраўдны хрысціянін павінен прымаць усё, што Бог яму прапануе...але на жаль часта людзі не бачаць, не заўважаюць у касцёле нават Езуса…”, - падкрэсліў кс. Андрэй.

 15

Напрыканцы св. Імшы адбылося асвячэнне дзённікаў і школьных прыладаў, пасля чаго вернікі мелі магчымасць паслухаць выступы розных парафіяльных гуртоў, а таксама канцэрты семінарыйнага гурта “Ave” і моладзевага гурта душпастырства "Open".

Ангеліна Марцішэўская

Фота: Вольга Сяліцкая