З 26 ліпеня па 1 жніўня 2015 г. адбыліся чарговыя рэкалекцыі для міністрантаў парафіі Святой Сям’і з Ліды. У рэкалекцыях прынялі ўдзел 33 хлапчукі рознага ўзросту. Юнакі праводзілі гэты благаслаўлёны час у малітоўным чуванні, разважаючы над тэмай “Еднасць з Богам і паміж міністрантамі”. Рэкалекцыі праводзіў кс. Юрый Гурскі. У іх арганізацыі прынялі актыўны ўдзел клерык Яўген Варонік і старэйшыя міністранты.
Сэнс спаткання хлопцаў – правесці сумесна час у супольнасці, дзе можна лепш распазнаць голас Бога, упарадкаваць свой унутраны свет, паглядзець на многія рэчы на адлегласці, адчуць смак веры і малітвы і, безумоўна, паразважаць над сэнсам свайго жыццёвага паклікання.
Штогод такія рэкалекцыі праводзяцца ў парафіі Святой Сям'і, і юнакі які год запар маюць ахвоту паглыбляць рэлігійныя веды і лепш пазнаваць смак Літургіі. У час сёлетніх рэкалекцый праводзіліся катэхэзы, конкурсы, спартландыі і розныя гульні.
Важнае месца ў жыцці міністранта займае святая Імша, падчас якой кожны юнак атрымлівае найбольшы дар – самога Бога і развівае прагненне поўнай еднасці з Ім. Акрамя ўдзелу ў святой Імшы, амаль кожны дзень юнакі знаёміліся са святарамі дыяцэзіі, госці мелі магчымасць пабыць з міністрантамі, цэлебраваць святую Імшу і прамовіць гамілію для юнакоў. Сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў спаткання стаў нечаканы візіт кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча, які паблагаславіў усіх прысутных на плённыя рэкалекцыі.
Напрыканцы дня, падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту, міністранты дзякавалі за дабро, дадзенае Богам, перапрашалі за грэшныя ўчынкі, а таксама прасілі аб благаслаўленні на наступны дзень рэкалекцый. Супольнымі спевамі праслаўлялі Бога, умацоўвалі сваю еднасць з Богам і паміж сабой.
Тыдзень адпачынку з Богам праляцеў вельмі хутка. Моц Божага адзінства вельмі з’яднала юнакоў, якія зразумелі: ісціна – у служэнні Богу. Бог можа не толькі змяніць чалавека, але і ачысціць, умацаваць, надаць сэнс і глыбіню жыццю, можа дакрануцца да цябе, аздаравіць, даць надзею. Ён заклікае кожнага маладога чалавека абвяшчаць Евангелле ўжо сёння – абвяшчаць сваёй штодзённай працай, навукай, вучобай, адпачынкам, малітвай, сяброўствам, цярпімасцю. Хіба не ў гэтым сэнс нашага жыцця?