1 ліпеня дайшла да свайго завяршэння 6-ая пілігрымка "Гродна-Навагрудак", і сёння яе ўдзельнікі дзеляцца сваімі ўражаннямі і перажываннямі з чытачамі нашага партала. Спадзяемся, што гэтыя каментары заахвоцяць вас далучыцца да паломніцтва да сясцёр-мучаніц у наступным годзе.
Ксаловіч Крысціна, студэнтка
Мне падабаецца, што ў гэтай пілігрымцы заўсёды ўдзельнічае не вельмі шмат людзей. Калі ты ўсіх ведаеш, усіх можаш назваць па імёнам - гэта сапраўды цудоўна. Адчуваеш сябе нібы ў сям'і. Увогуле, 7 дзён, на працягу якіх ідуць пілігрымы - гэта аптымальны варыянт. Гэтага часу дастаткова і для знаёмстваў, і для новых сяброўстваў, і для глыбокіх духоўных разважанняў. Гэтага часу не зашмат і не замала. Хачу таксама адзначыць, што вельмі добра размеркаваны кіламетраж.
Залеская Юлія, выкладчык педагогікі ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце
Калі хочацца пагудзець, пашумець, патанцаваць, то пілігрымка ў Навагрудак - гэта не той варыянт. Калі хочацца духоўных практык, пабыць сам-насам, то пілігрымка ў Навагрудак - гэта той варыянт. Пілігрымка да сясцёр-мучаніц - гэта пілігрымка на аматара, для таго, хто хоча падумаць, паразважаць.
Таксама важны момант гэтай пілігрымкі - адчуванне ўзаемнай адказнасці супольнага пражывання. Людзей ў пілігрымкі няшмат, і ўсе функцыянальныя абавязкі размяркоўваюцца паміж яе ўдзельнікамі. Для кожнага знаходзіцца функцыя, з якой ён не саскочыць; тут ты заўсёды на вачах, і калі што, цябе заўсёды падштурхнуць. Навучыцца такім адносінам вельмі важна для сямейнага жыцця, таму тых, хто ў хуткай будучыні плануе стварыць сям'ю, запрашую ў сапраўдную сямейную пілігрымку ў Навагрудак.
Напрыканцы дадам, што мне вельмі спадабаліся хустачкі, кашулькі і торбачкі пілігрыма "Гродна-Навагрудак". Я маю на ўвазе тое, што яны сімвалічныя: кожная рыска, кожны малюнак на іх маюць змест і значэнне ў кантэксце пілігрымкі і сясцёр-мучаніц.
Аляксандр Кузняцоў, перакладчык, працуе ў выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі
У Навагрудак я пайшоў, каб аддаць пашану сёстрам-мучаніцам. Іх я ведаю даўно, малюся да іх даўно і заўсёды адчуваў іх апеку.
Увогуле ўся пілігрымка "Гродна-Навагрудак" - гэта адзін запамінальны момант. Панавала дружалюбная сямейная атмасфера. Вельмі духоўная пілігрымка, на працягу ўсяго шляху мы перажывалі Божае Слова - своеасаблівыя рэкалекцыі ў дарозе атрымаліся. Усім раю далучыцца да пілігрымкі ў Навагрудак у наступным годзе. Сам колькі буду жыць, на колькі будзе хапаць сіл, столькі і буду хадзіць.
Смыкоўская Вераніка, студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы
Гэта была першая пілігрымка ў маім жыцці, і яна дазволіла мне перажыць незабыўныя эмоцыі. А пайсці ў Навагрудак вырашыла менавіта таму, што ўжо раней чула пра сясцёр-мучаніц. Іх гісторыя вельмі мяне закранула, і я захацела даведацца пра сясцёр крыху больш, зблізіцца з імі, даверыць ім свае просьбы.
Цяпер, у апошні дзень пілігрымкі, я зразумела: хочацца незабыўных уражанняў - трэба ісці ў Навагрудак; хочацца духоўных разважанняў - трэба ісці ў Навагрудак. Увогуле я зачарпнула шмат каштоўных рэчаў з канферэнцый і разважанняў над Словам падчас нашагу шляху.
***
Удзельнікі пілігрымкі "Гродна-Навагрудак" ад усяго сэрца дзякуюць нястомнаму арганізатару паломніцтва да сясцёр с. Таццяне Стасюкевіч; ксяндзам Віталію Сідорка і Дзмітрыю Дубовіку за іх духоўную апеку; с. Кацярыне за медыцынскую дапамогу; Арцёму, Яне Ткачук і Вікторыі Місюк за музыкальнае суправаджэнне пілігрымкі, найлепшаму кухару Алёне за яе абеды і ўсім тым, хто сустракаў паломнікаў на іх шляху і адчыняў ім свае дзверы. Няхай вам Бог благаславіць!