Апоўдні 30 ліпеня пілігрымы "Гродна-Навагрудак" завіталі ў мястэчка Дзятлава, дзе для іх была адпраўлена апошняя св. Імша перад навагрудскімі набажэнствамі.
У Дзятлава пілігрымаў сустрэлі вернікі з парафіі Ўнебаўзяцця НМП на чале са сваім пробашчам Здзіславам. На прывітанне святар адзначыў, што ён удзячны Богу за магчымасць сустрэць паломнікаў і праз слжубу ім паслужыць Езусу, як гэта прыстала сапраўднаму хрысціяніну.
Падчас св. Імшы кс. Дзмітрый Дубовік прапанаваў паломнікам паразважаць над тым, як трэба ўспрымаць цяжкасці, якія сустракаюць іх у пілігрымцы:
- Для нас зразумела, што падчас пілігрымкі мы хутчэй за ўсё будзем адчуваць фізічны боль. Але мы не заўсёды падрыхтаваныя да таго, што ў пілігрымцы будуць узнікаць непаразуменні, спрэчкі, зайздрасць і г. д. Мы павінны змагацца з гэтымі недасканаласцямі дзесьці праз малітву, дзесьці праз маўчанне, дзесьці праз самотнае крочанне ў канцы паломніцтва. І менавіта гэтае змаганне са сваімі слабасцямі і недахопамі з'яўляецца больш карысным плёнам пілігрымкі, чым ахвяраванне фізічнага болю.
Напрыканцы дня пілігрымы дайшлі да гарадскога пасёлка Наваельня - апошняга пункта перад фінішнай прамой да Навагрудка.
Ангеліна Марцішэўская