Skip to main content

Паломніцтва на гродзенскую Галгофу: адбылася першая пілігрымка да месца расстрэлу жыхароў Гродна і Ліпска

 5У суботу 18 ліпеня а 15 гадзіне з парафіяльнага касцёла ў Адамавічах вырушыла першая ў гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі пешая пілігрымка да месца мучаніцкай смерці жыхароў Гродна і Ліпска (сёння тэр. Польшчы), якія 13 ліпеня 1943 былі расстраляныя гітлераўцамі на Форце № 2 каля Навумавіч. Каб ушанаваць памяць ахвяр фашысцкай агрэсіі, у паломніцтва выйшла больш за сто вернікаў з усіх гродзенскіх парафій. На экуменічнай св. Імшы а 19 гадз. колькасць людзей, якія прыйшлі ўспомніць чарговую гадавіну трагічных падзей, двойчы ўзрасла.

 3

Звяртаючыся да гісторыі трагічных падзей, якія мелі месца 13 ліпеня 1943 года: у той дзень на Форце № 2 каля Навумавіч гітлераўцы расстралялі групу людзей у 50 чалавек, сярод якіх былі як свецкія вернікі, так і святары. Прычынай масавага пакарання стала помста немцаў за забойства партызанамі нямецкага паліцэйскага. Да ліку ахвяр фашысцкай помсты сярод іншых належала бл. Мар'яна Бэрнацкая: яна пацярпела мучаніцкую смерць, аддаючы жыццё за сваю нявестку, якая знаходзілася ў цяжарным стане.

 12

Св. Імшу, якая праходзіла на месцы пакарання, узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Падчас гаміліі іерарх разважаў над сэнсам дадзенай трагедыі, падкрэсліваючы, што ахвяра гэтых людзей, якія аддалі жыццё за веру і бліжняга, паказвае, што “не адным хлебам жыве чалавек”:

- Мы павінны памятаць, што нашыя браты і сёстры, якія болшь за паўстагоддзя таму прынялі мучаніцкую смерць на гэтым самым месцы, не памерлі, паміраючы. Яны памерлі, каб жыць. Сваёй ахвярай гэтыя людзі абудзілі ў нас надзею на вечную будучыню. Месца трагічных падзей яны пераўтварылі ў бласлаўлёнае месца, дзе кожны можа нанова адкрываць таямніцу вечнага жыцця.

 15

Біскуп Юзаф таксама нагадаў прысутным, што яны маюць сваю ўласную нябесную заступніцу сямейнага жыцця – бл. Мар’яну Бэрнацкую, і заахвоціў давяраць ёй усе свае сямейныя клопаты і радасці.

На св. Імшы прысутнічала таксама дэлегацыя з Польшчы ў асобе мэра горада Ліпска Леха Лямпіцкага, праўнука бл. Мар’яны Бэрнацкай Станіслава і яе прапраўнучкі Дзіяны. Напрыканцы св. Імшы спадар Станіслаў адзначыў, што нявестка, за якую бл. Мар'яна аддала сваё жыццё, адышла у жыццё вечнае толькі ў мінулым 2014 годзе, на 98-ым годзе свайго жыцця:

- Гэта сведчыць аб тым, што ахвяра маёй прабабулі Мар'яны сапраўды не была дарэмнай.

 28

На заканчэнне родныя бл. Мар’яны ўсклалі вянок да помніка загінуўшым ад рук нямецкіх захопнікаў.

 30

 

Ангеліна Марцішэўская

Фота: Вольга Сяліцкая