Skip to main content

Сімпозіум "Любоў – наша місія – сям’я ў паўнаце жывая" прайшоў у Гродне

simpozium 1"Любоў - гэта скарб, а шлюб - гэта посуд, які яго беражэ". 10 мая ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне прайшоў сімпозіум "Любоў - наша місія. Сям'я ў поўні жывая".

Арганізатарам сімпозіума выступіла Рада па справах сям'і пры ККББ. Адкрыў сімпозіум кс. Пётр Фраштэнга, сакратар Рады па справах сям'і пры ККББ, які адзначыў, што правядзенне сімпозіума прысвечана Міжнароднай сустрэчы сем'яў, якая адбудзецца 22-27 верасня ў Філадэльфіі.

Кс. доктар Веслаў Блашчак выступіў перад удзельнікамі сімпозіума з лекцыяй "Каханне - гэта скарб, схаваны ў гліняным посудзе", дзе распавёў, як будаваць і памнажаць каханне паміж мужчынам і жанчынай. Першае, на што ўказаў кс. доктар В. Блашчак, - трэба "станавіцца дарам адзін для аднаго". Святар меў на ўвазе тое, што сужанцам у сям'і неабходна адмаўляцца ад эгаізму. Трэба вучыцца даваць, не патрабуючы нічога наўзамен. Другі фактар, які дапамагае будаваць трывалыя адносіны ў сужанстве, - гэта "адкрытасць адзін на аднаго". Гэта датычыць камунікацыі. Важна вучыцца гаварыць, слухаць і чуць. Камунікацыя паміж мужам і жонкай адбываецца не толькі праз мову, але і праз цела. "Неабходна вучыцца слухаць, каб гаварыць. Слухаць - гэта разумець. Але слухаць радыё і чалавека - гэта розныя рэчы", - падкрэсліў кс. доктар.

simpozium 3

Трэці фактар - гэта "перадаваць жыццё". Лектар казаў пра тое, што існуе шмат людзей, якія баяцца "перадаваць жыццё". Адной з прычын такога страху могуць быць перасцярогі бацькоў за тое, што яны не змогуць забяспечыць будучым дзецям спрыяльныя ўмовы для жыцця. "Не перадаваць жыццё - гэта смерць. Езус кажа, што не трэба баяцца. Мы заўсёды рызыкуем, але з Богам мы можам рызыкаваць і перайсці цемру", - адзначыў святар.

Кс. доктар Веслаў Блашчак скончыў лекцыю наступнымі словамі: "Некаторыя самотныя з-за таго, што не сустрэліся з Богам. Сужанства з'яўляецца дарам Бога, а я - для яго. Мужчыну і жанчыну цяжка зразумець да канца. Толькі Бог дае надзею. Сужанства - важны знак, які трэба шукаць. Гэты знак паказвае на любоў Бога да мяне, дзякуючы якому я не буду самотны".

Таксама каштоўным для слухачоў было сведчанне сямейнай пары Роберта і Марыі, якія распавялі пра тое, што пасля 18-гадовага шлюбу любяць адзін аднаго яшчэ больш. Сужанцы падчас выступу неаднаразова адзначылі важнасць звароту да Бога ў сям'і.

simpozium 4

Падрыхтавала Вольга Парада

Фота: кс. Пётр Фраштэнга