Skip to main content

"Сёння вашыя сэрцы палаюць". У Смаргоні распачаліся ДДМ

 36“Чыстыя сэрцам бачаць Бога”. Пад такім дэвізам распачаліся 22-ія Дыяцэзіяльныя Дні Моладзі ў Смаргоні.

1 мая а 9 гадзіне раніцы цягнік “Чыстыя сэрцам” ужо імчаў маладых вернікаў на іх доўгачаканую супольную сустрэчу.

 11

Урачыстае распачацце ДДМ адбылося а 17 гадзіне ў салезіянскім араторыі, дзе моладзь у колькасці каля 2 тысяч чалавек прывітаў яе душпастыр кс. Антоні Грэмза. Кс. Антоні адзначыў, што гэта найбольш масавыя Дыяцэзіяльныя Дні Моладзі за ўсю іх гісторыю.

 18

Пасля супольнай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту маладыя вернікі прынялі ўдзел у св. Імшы, якую ўзначаліў кс. біскуп Юзаф Станеўскі. Падчас гаміліі іерарх неаднаразова адзначыў прыгажосць моманту, калі моладзь збіраецца разам, каб адчуць сэрцы адзін аднаго і напоўніцца моцай, якая зыходзіць ад Езуса Хрыста. Біскуп Юзаф таксама падкрэсліў, што такія мерапрыемствы, як дні моладзі, дазваляюць парафіянам наблізіцца да Касцёла і ўбачыць яго прыгожасць, убачыць сябе ў гэтай прыгажосці.

 29

Пасля св. Імшы моладзь сабралася ў смаргонскім амфітэатры, каб праслаўляць Бога разам з мінскім музычным гуртам “Laudans”.

 33

А 21 гадзіне адбылася канферэнцыя “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”, якую прамовіў кс. Ян Раманоўскі. Святар засяродзіў увагу маладых вернікаў на важнасці захавання чысціні сэрца – чысціні мовы, позірку і ўчынкаў. “Бо толькі чыстае сэрца можа па-сапраўднаму любіць Бога і чалавека”, - падкрэсліў ён. Ксёндз Ян таксама заклікаў прысутных з вялікай адказнасцю падыходзіць да рашэнняў, якія яны прымаюць у сваёй маладосці. “Бо ад таго, якія мы крокі зробім у маладосці – залежыць наша будучыня”,- падсумаваў святар.

 42

Дзень завяршыўся гучнымі забавамі, пасля чаго моладзь атрымала пастырскае бласлаўленне на адпачынак.

Фота Вольга Сяліцкая