Skip to main content

Клерыкі ВДС дзеляцца ўражаннямі ад пілігрымкі ў Вечны горад

З 10 па 20 сакавіка, з нагоды святкавання 25-годдзя існавання семінарыі, клерыкі разам з выкладчыкамі ўдзельнічалі ў пілігрымцы ў Рым, якая пакінула пасля сябе шмат новых уражанняў і пачуццяў у сэрцах будучых святароў. Маршрут пралягаў па тэрыторыі найбольш вядомых санктуарыяў у Польшы, Аўстрыі і Італіі.

Галоўнай мэтай пілігрымкі, як адзначаюць семінарысты, было не толькі задаволіць цікавасць вачэй убачаным, але, у першую чаргу, дакрануцца да духоўнага багацця гэтых мясцін і атрымаць благаслаўленне Папы Францішка на шляху да святарства.

- Кожнае месца, у якім мы пабывалі, - распавядаюць семінарысты, - пакінула незабыўнае ўражанне і адчуванне велічы Бога, Яго штодзённай прысутнасці сярод усіх людзей. Гэта вельмі моцна давялося адчуць ужо ў першы дзень нашай пілігрымкі, калі наведалі Аўстрыю. Мястэчка Каленберг, шыкоўны палац Бельвядэр, пабудаваны ў эпоху Сярэднявечча, помнікі вядомым кампазітарам, будынак Парламента, касцёл Святога Стэфана, Венская опера, спакойная і павольная рака Дунай, залатыя мосцікі і шмат іншага.

Знаёмства з Венецыяй (другі дзень пілігрымкі) пачалося з плошчы Сан-Марка, на якой пабудаваны сабор Святога Марка. У ім клерыкі мелі магчымасць пакланіцца астанкам гэтага святога.

- Незабыўная архітэктура – бронзавыя статуі, леў з раскрытай кнігай, гандолы, залаты гадзіннік – усё гэта сапраўды пакінула незабыўнае ўражанне і станоўчыя эмоцыі.

Пасля Венецыі была Падуя, прыгажосць якой захапляла і захапляе мільёны турыстаў. У гэтым гістарычным месцы ў капліцы падчас св. Імшы семінарысты яшчэ раз дзякавалі Богу за магчымасць прысутнічаць тут, а таксама маліцца за ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы якім адбылася пілігрымка. Горад Сан Джавані Ратонда, які знаходзіцца ў гарах, быў наступным горадам на шляху пілігрымаў. Сэрцам гэтага месца з’яўляецца санктуарый, дзе захоўваецца цела Айца Піа, пакланіцца якому імкнуцца людзі з усіх краін свету.

- Імша ў санктуарыі, у якой мы прымалі ўдзел, мела вялікую моц, бо на гэтым месцы асабліва адчуваецца прысутнасць Бога і заступніцтва Айца Піа, якія быў прыкладам сапраўднай святасці і самаадданасці Богу і людзям.

Яшчэ адно знакамітае месца – гара Монтэ Сант-Анджэла, на якой пабудаваны адзіны ў свеце касцёл, што быў асвечаны нязвыклым спосабам: мясцовым жахарам сярод белых скалаў аб’явіўся св. Міхал Арханёл, які сказаў, што на гэтым месцы кансэкруе новую святыню. З тых часоў гэтае месца з’яўляецца найбольш папулярным сярод прыхільнікаў св. Міхала Арханёла. Пасля св. Імшы, якая была адпраўлена ў гэтым незвычайным месцы, клерыкі наведалі яшчэ адну гару - Монтэ-Касіна, калыску манахаў з усяго свету. Падчас экскурсіі была магчымасць пазнаёміцца з жыццём двух вялікіх святых - св. Бэнэдыкта, апякуна Еўропы, і св. Схаластыкі, яго сястры.

- Далучэнне да набажэнства айцоў-бэнэдыктынцаў, якое было аздоблена грыгарыянскімі спевамі і арганнай музыкай, пакінула ў душы кожнага з нас жаданне распаўсюджваць ідэі заснавальнікаў гэтага ордэну і быць падобнымі да іх.

Кульмінацыйным момантам пілігрымкі быў прыезд у Ватыкан і аўдыенцыя з Папам Францішкам.

- Гэтую мару носіць у сэрцы кожны будучы святар. Дзякуючы таму, што яна здзейснілася, мы атрымалі духоўную падтрымку, сілу, адвагу для распаўсюджвання Божай Праўды ў штодзённым жыцці. Апостальскае благаслаўленне, размова з Папам, магчымасць дакрануцца да Пятра нашых часоў натхніла ўсіх нас на яшчэ больш адданае служэнне Богу і людзям.

Пілігрымаў таксама чакала экскурсія па Ватыканскім музеі, гасцінны прыём сёстраў кангрэгацыі Уваскрослага Пана, базыліка св. Пятра і св. Імша, сустрэча з П’етра Паралінам, наведванне Ватыканскага радыё.

Чарговы дзень пілігрымкі клерыкі правялі ў старажытным горадзе Асіжы, размешчаным на гары.

- Незабыўнае ўражанне пакінула базыліка св. Францішка, з гісторыяй стварэння якой нас пазнаёміў а. Павел, харызматычны францішканін, асоба якога таксама глыбока ўразіла прысутных.

Вяртаючыся дадому, пілігрымы наведалі вядомыя санктуарыі, размешчаныя ў Польшчы. Кракаў, Вавэльскі замак, Мар’яцкі касцёл, Закапанэ, Вялічка і санктуарый Маці Божай Чанстахоўскай. Гэты апошні прыпынак стаў месцам, дзе ўсе клерыкі дзякавалі Чорнай Мадонне за непаўторныя хвіліны свайго жыцця, за апеку, якой Нябесная Маці на працягу ўсяго падарожжа суправаджала семінарыйную супольнасць.

Падарожжа ў Вечны горад дазволіла пілігрымам адчуць сябе адзінай сям’ёй, у якой пануе любоў, згода і ўзаемаразуменне. Сям’ёй, якая павінна стаць прыкладам для людзей, якія жадаюць наследаваць Хрыста і жыць Ягонай Праўдай.

Спадзяемся, што ўсё ўбачанае дапаможа будучым святарам яшчэ з большай адданасцю і энергіяй здзяйсняць Божыя намеры на Беларусі.

Падрыхтавалі клерыкі ВДС