10 красавіка з нагоды 25-годдзя існавання гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, яе навучэнцы і выкладчыкі накіраваліся з пілігрымкай у Рым, каб дзякаваць Пану Богу за магчымасць навучання і атрымання святарскіх пасвячэнняў на сваёй радзіме.
15 красавіка пілігрымаў чакала цудоўная падзея, а менавіта сустрэча з Папам Францішкам, які звярнўуся да іх са словамі:
- Сардэчна вітаю настаяцеляў і семінарыстаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў Беларусі, якія прыбылі ў пілігрымцы падзякі за 25 гадоў яе дзейнасці. Умілаваныя, няхай візіт да магіл святых апосталаў Пятра і Паўла нагадвае вам, што пакліканне да святарства, перш за ўсё, асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом, які кліча і пасылае сваіх вучняў несці ўсім радасную навіну аб збаўленні. Аб’яднаныя з Ім, будзьце мужнымі, каб сведчыць Евангелле са шчырасцю і міласэрнасцю. Я благаслаўляю вас з любоўю. Хвала Езусу Хрысту!
Пасля сутрэчы са Святым Айцом рэктар гродзенскай семінарыі кс. Раман Рачко адзначыў:
- Можна смела сказаць, што мы ўжо дасягнулі кульмінацыі нашай пілігрымкі — незабыўнай сустрэчы з Папам Францішкам, які таксама ўдзяліў нам Апостальскае благаслаўленне. Я веру, што гэта вялікая ласка і давер, што гэта будзе вялікая дапамога для нашых навучэнцаў на наступныя гады падрыхтоўкі да Хрыстовага святарства.
У гэты ж дзень гродзенскія семінарысты і настаяцелі прыянялі ўдзел у святой Імшы ў капліцы Генеральнага дома Кангрэгацыi Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста (змёртвыхпаўстанкі) у Рыме. Месца было абрана невыпадкова. Кангрэгацыя была заснавана Цэлінай і Ядвігай Бажэнцкімі, маці і дачкой, у Рыме ў 1891 годзе. Да з’яўлення ў Касцёле новай законнай супольнасці былі доўгія гады духоўнай фармацыі заснавальніц, шэраг цяжкасцяў, якія яны пераадольвалі, змагаючыся са зменлівасцю лёсу, каб напрыканцы ХІХ стагоддзя здзейсніць Божую волю ў сведчанні пра Уваскрасенне.
16 красавіка ў базыліцы св. Пятра пілігрымы сустрэліся з Дзяржаскратаром Папы Францішка П'етра Паралінам, які ў размове з імі прыгадаў свой візіт у Беларусь:
- У маёй памяці застаецца сустрэча ў Мінску, дзе я меў магчымасць сустрэцца з некаторымі з вас. Я рады, што зараз вы прыбылі да месца пахавання апосталаў, таму я жадаю вам добрага прабывання ў Рыме. Я думаю, што гэтая пілігрымка будзе мець дачыненне да вашай добрай падрыхтоўкі да святарства. Падчас свайго візіту ў Беларусь я бачыў у людзей моцную веру, якая працягвае ўзрастаць. Гэта вельмі патрэбна і для будучых святароў. Я жадаю кожнаму з вас, каб у сваёй жыццёвай пілігрымцы дайшлі да святарства, а перад усім каб сталі святарамі веры, поўнымі жыцця, радасці і энтузіязму.
Пілігрымка супольнасці гродзенскай ВДС завершыцца святой Імшой у санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове, дзе ў капліцы цудатворнага абраза семінарысты падзякуюць Маці Божай за апеку над іх навучальнай установай.
Паводле матэрыялаў Catholic.by