15 красавіка 2015 г. Папа Францішак прывітаў настаяцеляў і навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра у рамках сваёй пілігрымкі ў Рым.
Зварот Святога Айца на італьянскай мове быў перакладзены на беларускую. “Сардэчна вітаю настаяцеляў і семінарыстаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ў Беларусі, якія прыбылі ў пілігрымцы падзякі за 25 гадоў яе дзейнасці. Умілаваныя, няхай візіт да магіл святых апосталаў Пятра і Паўла нагадвае вам, што пакліканне да святарства, перш за ўсё, асабістая сустрэча з уваскрослым Хрыстом, Які кліча і пасылае сваіх вучняў несці ўсім радасную навіну аб збаўленні. Аб'яднаныя з Ім, будзьце мужнымі, каб сведчыць Евангелле са шчырасцю і міласэрнасцю. Я благаслаўляю вас з любоўю. Хвала Езусу Хрысту!”, - сказаў Папа.
Пілігрымка семінарыстаў, выкладчыкаў і некаторых святароў Гродзенскай дыяцэзіі ў Вечны горад пачалася 10 красавіка 2015 г. Яе ўдзельнікі наведваюць галоўныя рымскія базылікі, а таксама месцы звязаныя з жыццём апосталаў і святых, узносячы падзяку Богу за 25 гадоў дзейнасці семінарыі ў Гродне і чэрпаючы духоўныя сілы для далейшай вучобы, выкладчыцкай і душпастырскай працы.
Паводле Ватыканскага радыё