Увечары 2 красавіка у Гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя была адпраўлена св. Імша Вячэры Пана. Распачаўся святы Пасхальны Трыдуум. Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў каплічку Маці Божай Кангрэгацкай, якая сімвалізуе цямніцу, дзе быў зняволены Езус пасля арышту ў Гетсіманскім садзе.
Літургія Вялікага чацвярга нагадвае Апошнюю Вячэру, калі Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства. Для кожнага святара гэты дзень вельмі важны і своеасаблівы: кожны з іх можа прыгадаць той момант, калі адчуў пакліканне і адказаў на запрашэнне Хрыста.
Перад пачаткам св. Імшы дзеці і дарослыя з малітоўнай супольнасці Маці Божай Кангрэгацкай павіншавалі ўсіх прысутных святароў з урачыстасцю.
Пасля ўваходнай працэсіі і ўступных абрадаў у катэдры прагучаў гімн “Хвала на вышынях Богу”, падчас якога суладна загучалі ўсе званы касцёла. Пасля гімна святыня пагрузілася ў цішыню, а гукі званкоў і гонгаў, якія ўжываюцца падчас набажэнства, замяніў стук драўляных ляскотак.
Гамілію падчас св. Імшы прамовіў кс. Аляксандр Мацкевіч, натарыус гродзенскай курыі, які разважаў над бясцэнным дарам, якім з'яўляецца Эўхарыстыя:
- Эўхарыстыя была нам даравана не для таго, каб мы спрабавалі зразумець яе таямніцу. У Эўхарыстыі Езус Хрыстус прымае постаць хлеба, каб супакоіць голад нашых сэрцаў.
Гамілія кс. Аляксандра Мацкевіча
Пасля св. Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, якая трывала да 22:00.
Фота: Вольга Сяліцкая