У Вялікі Чацвер, 2 красавіка, у касцёле імя св. Францішка Ксаверыя адбылася Імша Хрызма, на якой сабраліся святары і кансэкраваныя асобы з усёй Гродзенскай дыяцэзіі на чале з біскупам Аляксандрам Кашкевічам і дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім. Падчас набажэнства іерарх блаславіў алеі хворых і катэхумэнаў, а таксама асвяціў святое хрызма. Гэты дзень з'яўляецца вялікім святам для кожнага святара, таму што ў Вялікі Чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамант святарства.
Імшу ўзначаліў ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку гаміліі ардынарый засяродзіў увагу вернікаў на тым, што Тайная Вячэра - гэта не толькі ўстанаўленне Эўхарыстыі, але і час, калі Езус перадаў апосталам уладу складання Найсвяцейшай Ахвяры.
- Апосталы, верныя наказу Хрыста, перадалі гэтую ўладу сваім паслядоўнікам. І таму, дзякуючы сакрамэнтальнаму святарству, Касцёл жыве і будзе жыць Эўхарыстыяй.
Затым біскуп Аляксандр накіраваў свае словы да прысутных святароў.
- Святарства не з’ўяляецца ні нашай заслугай, ні ўзнагародай, ні прывілеем, на які мы можам мець нейкія правы. Святарства - гэта дар, які даў нам Госпад без нашых заслуг. Езус Хрыстус выбраў кожнага з нас. Але трэба памятаць, што дар святарства належыць не толькі да пакліканага. Перш за ўсё яно служыць люду Божаму, да якога пасланы святар. (...) Наша місія – служыць Езусу поўнай і бескарыслівай самаадданасцю на карысць іншага чалавека. Як святары, мы павінны штодзённа складаць ахвяру з саміх сябе: з нашага здароўя, з нашага часу, з нашых сіл. Мы павінны адлюстроўваць тое спачуванне і міласэрнасць, якія Езус аказвае свайму люду. Калі мы менавіта так будзем разумець святарства, тады яно будзе крыніцай сапраўднай радасці і для пакліканага, і для людзей, да якіх яго паслалі.
Ксёндз біскуп скончыў словы навукі, адрасаваныя святарам, выказваннем Святога Айца.
- Да святарства нас намасцілі алеем радасці, каб мы алеем радасці намашчалі іншых.
Пасля ардынарыў падзякаваў капланам за іх адданую і ахвярную службу і склаў словы падзякі парафіянам за іх малітвы і пашану, якімі яны атачаюць святароў.
Падчас св. Імшы капланы аднавілі свае святарскія абяцанні, станоўча адказваючы на 5 пытанняў ксяндза біскупа адносна святарскага служэння.
Напрыканцы Iмшы кс. дэкан Здзіслаў Вэдэр SDB, біскупскі вікарый Смаргонскай акругі, склаў віншаванні і словы падзякі біскупам Гродзенскай дыяцэзіі за іх адданую святарскую службу Богу і бліжняму.
Фота: Гражына Шалкевіч