Skip to main content

"Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць". У Гродзенскім музеі праходзіць выстава прысвечаная беларускаму пісьменніку А. Карпюку

IMG 4551У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі праходзіць выстава прысвечаная таленавітаму беларускаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Аляксею Карпюку, якому ў гэтым годзе споўнілася бы 95 гадоў. Галоўнай тэмай творчасці А. Карпюка з’яўляліся падзеі вайны і яе маральна-этычныя праблемы, з якімі пісьменнік неаднарозова сутыкаўся падчас ВАВ, асабліва падчас побыту ў нямецкім лагеры смерці Штутгоф.

Пасля вайны А. Карпюк праводзіў вельмі разнастайную дзейнасць, сярод якой вельмі адметным з’яўляецца перыяд з 1977 па 1981 гг., калі ён узначальваў музей гісторыі рэлігіі ў Гродне, і пры якім сховішча нашай культурнай і рэлігійнай спадчыны дасягнула сапраўднага росквіту.

Выстава “Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць” прадстаўляе ўвазе гледачоў фотагісторыю жыцця пісьменніка, дазваляе бліжэй пазнаёміцца з яго творчасцю, змяшчае яго асабістыя рэчы.

IMG 4555

Напрыклад, друкаваную машынку і пячатку пісьменніка.

IMG 4566 IMG 4576

Выстава змяшчае і цікавыя экспанаты, якія музей набыў з дапамогай А. Карпюка падчас яго дзейнасці на пасадзе дырэктара музея.

Сярод іншых ёсць імшалы Св. ордэна прапаведнікаў з 1773 г. і манахаў ордэна Св. Васіля Вялікага з 1792 года...

IMG 4556 IMG 4560

... або абразы з XIX стагоддзя.

IMG 4577

IMG 4580

Да рэчы дзякуючы А. Карпюку пачалася рэстаўрацыя занядбанага ансамбля былога базыльянскага манастыра, які быў перададзены ў распараджэнне музея; былі праведзены археалагічныя даследаванні, якія выявілі на тэрыторыі манастыра рэшткі Прачысценскай царквы — помніка Гродзенскай архітэктурнай школы ХІІ ст. Гэта стала сапраўдным адкрыццём беларускай археалогіі ХХ ст. А. Н. Карпюк таксама наладзіў кантакты з Рускай Праваслаўнай Царквой. У 1979 г. па яго ініцыятыве адбылася сустрэча з Мітрапалітам Мінскім і Беларускім Філарэтам і наведванне Каложскай царквы, тагачаснага філіяла музея. Было наладжана цеснае супрацоўніцтва з Музеем старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук БССР. Абодва музеі праводзілі сумесныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі з мэтай пошуку і зберажэння помнікаў культуры.

Варта дадаць, што культурная і літаратурная дзейнасць беларускага літаратара неаднаразова адзначалася ўзнагародамі як беларускіх, так і загранічных крытыкаў, а ў 1992 годзе мiжнародны бiяграфiчны цэнтр у Кембрыджы надаў А. Н. Карпюку званне "Лепшы чалавек года".

Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская