Skip to main content

12 сакавіка пачынаецца візіт дзяржсакратара Ватыкана ў Беларусь

12 сакавіка пачынаецца візіт у Беларусь кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Ватыканскі іерарх прыбудзе па запрашэнні дзяржаўных уладаў краіны. Ён прыляціць не спецыяльным, а звычайным рэгулярным рэйсам.

 

У праграме візіту высокага госця сустрэчы з палітычнымі ўладамі, кіраўніцтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы, Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў, асвячэнне вуглавога камня пад будаўніцтва Апостальскай нунцыятуры ў Мінску, наведванне вялікапоснага начнога чування моладзі, на якое з’едуцца маладыя вернікі з усёй краіны. 15 сакавіка пурпурат памоліцца разам з беларускімі католікамі ў мінскім архікатэдральным касцёле.

Шматлікія сустрэчы дадуць магчымасць высокаму прадстаўніку Апостальскай Сталіцы, лепш пазнаць жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам, якія развіваюцца, але не без праблем, “якія бачныя асабліва ў апошні час”. На думку Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, візіт кардынала Пьетра Параліна паспрыяе вырашэнню праблемных пытанняў.

Кардынал Дзяржсакратар – гэта бліжэйшы супрацоўнік папы Францішка, таму яго візіт з’яўляецца жэстам асаблівай павагі Апостальскай Сталіцы і самаго Пантыфіка да народу Беларусі і мясцовага Касцёла. Гаворка ідзе пра другі падобны візіт у сучаснай гісторыі краіны. У 2008 г. Беларусь наведваў папярэднік кардынала Параліна на пасадзе Дзяржсакратара, кардынал Тарчызіо Бэртонэ.

Паводле Ватыканскага радыё