Skip to main content

Папа даў інтэрв’ю часопісу з аргентынскіх трушчоб

Папа Францішак даў вялікае інтэрв’ю часопісу “La Carcova news”, які выпускаецца моладдзю з аднайменных трушчоб, у прыгарадзе Буэнас-Айрэса. У ім Святы Айцец адказаў на пытанні, якія тычацца шэрагу тэм – ад сацыяльнай сітуацыі ў краіне да яго ўласнай бяспекі. Францішак адзначыў, што плануе наведаць Радзіму ў 2016 г., але падкрэсліў, што гэта яшчэ не дакладнае рашэнне, таму што трэба ўпісаць гэта ў план іншых падарожжаў. 

 

Папа чарговы раз нагадаў пра важнасць барацьбы з наркабізнесам. На яго думку, “існуюць краіны, якія амаль сталі рабамі наркотыкаў”. Францішак занепакоены “трыумфам наркагандляроў”, якія сёння “адчуваюць сваю перамогу”. “Існуюць краіны, або рэгіёны, у якіх ўсё падпарадкавана наркотыкам”, - адзначыў ён. 

Святы Айцец нагадаў пра важнасць актыўнага ўдзелу бацькоў у выхаванні дзяцей. Неабходна прысвячаць ім шмат часу, даваць усё неабходнае для росту. “Але самае важнае – гэта вера. Мяне вельмі засмучае, калі бачу дзяцей, якія не ўмеюць рабіць знак крыжа. Гэта значыць, што дзіцяці не было дадзена самае важнае, што бацькі могуць даць – вера”, - сказаў ён і ўдакладніў, што вера – гэта не пачуццё ці псіхалагічны стан, але адносіны з Хрыстом. Папа прызнаўся, што вакол яго ёсць людзі, якія не пагаджаюцца з тым, што ён робіць і кажа. У такой сітуацыі ён лічыць важным прыслухоўвацца і абдумваць сваю пазіцыю. Дыялог і слуханне – узбагачаюць, перакананы Францішак. 

Гаворачы пра праблему “віртуальных адносін”, папулярных сярод моладзі, Святы Айцец адзначыў, што “віртуальнай любові не існуе”. “Сапраўдная любоў прадугледжвае фізічны, канкрэтны кантакт”, - сказаў ён. Важна, каб моладзь была не толькі добра інфармаванай – на падабенства музея, у якім захоўваецца шмат інфармацыі – але, каб чыніла справы ў рэальным жыцці, адзначыў Папа. 

Гаворачы пра прэзідэнцкія выбары ў Аргентыне, якія павінны прайсці ў хуткім часе, Францішак пажадаў, каб кандыдаты максімальна ясна прадстаўлялі свае праграмы, былі сумленнымі і праводзілі перадвыбарчую кампанію з найменшымі фінансавымі выдаткамі. 

У сувязі з пагрозамі тэрарыстаў у свой адрас Святы Айцец прызнаўся, што не баіцца за сваё жыццё, якое цалкам знаходзіцца ў руках Бога. “Я сказаў Пану: Клапаціся пра мяне. Але, калі будзе Твая воля, каб я загінуў ці, каб мне зрабілі нешта, то прашу аб адной паслузе: няхай мне не будзе больна, таму што я баюся фізічных пакут”, - сказаў папа Францішак.

Паводле Ватыканскага радыё