З 5-га па 7-е сакавіка моладзь душпастырства OPEN прымала ўдзел у Вялікапосных рэкалекцыях, якія праводзіў ксёндз Мікалай Ціхановіч у Гродзенскім пабрыгідскім касцёле. Падчас рэкалекцый святар засяродзіў увагу вернікаў на неабходнасці ўсведамлення прысутнасці і дзейнасці злога духа, а таксама на разуменні і ўспрыманні самога сябе, як святыні Духа Святога:
- Св. Павел у 2 пасланні да Карынфянаў напісаў такія словы: “Ня ўгінайцеся пад чужое ярмо з нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасці з беззаконнем? Што супольнага ў святла з цемраю? Якая згода паміж Хрыстом і Вэліярам? Альбо які саўдзел у верніка з няверным? Што агульнага мае храм Божы з ідаламі? Вы з'яўляецеся храмам Бога Жывога. "Усялюся ў іх і буду хадзіць у іх; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам. І таму не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас, і буду вам за Айца, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі", - кажа Гасподзь Усеўладны" (1 Кар 6:14-18).
Маючы такое абяцанне, давайце ачысцім сябе ад усякага бруду плоці і духа. Давайце прызнаем, што наша плоць з’яўляецца святыняй Святога Духа. Давайце ўсведамім, што нельга жыць толькі для прыхамцяў плоці, таму што наша смяротная плоць з’яўляецца храмам нашай несмяротнай душы, пра будучыню якой трэба клапаціцца.
Ксёндз-рэкалекцыяніст заклікаў таксама, не зважаючы ні на што, не баяцца ісці за Хрыстом.
- У свеце, дзе мы жывем, не ўсе вераць у Бога. Часта ў натоўпе мы зліваемся з другімі, з людзьмі, якія не ведаюць Бога. І мы саромеемся таго, што жывем інакш, думаем інакш. Чаму вы гэтага баіцеся ? Вы, веруючыя, не можаце хадзіць шляхамі няверных. І вы не павінны баяцца ісці сваім шляхом. Верыць у Хрыста, быць Яго вучнем, гэта значыць наследаваць шляхі Яго быцця - хадзіць як Ён, думаць як Ён, гаварыць як Ён, адчуваць як Ён.
У пятніцу 6 сакавіка пасля св. Імшы з казаннем, моладзь таксама прыняла ўдзел у адарацыі з разважаннямі Крыжовага Шляху Езуса Хрыста.
Варта адзначыць, што гэта быў незвычайны Крыжовы шлях, з перамяшчэннем па касцёле згодна з паслядоўнасцю стацый.
У цэнтр святыні прынеслі вялікае распяцце, і кожны жадаючы, мог наблізіцца і праз некаторы час патрымаць гэтую нялёгкую ношу і паразважаць над сэнсам свайго жыццёвага Крыжа.