Skip to main content

Папа да бяздомных: у вашых сэрцах ёсць Святы Дух

8 лютага Папа Францыск, наведваючы прыход Святога Міхала Арханёла ў раёне Пьетралата на поўначы італьянскай сталіцы, сустрэўся з парафіяльнымі групамі і ўзначаліў святую Імшу. Аднак першая частка яго візіту стала для ўсіх нечаканасцю: прыбыўшы на месца, Папа адправіўся да баракаў беднякоў і бежанцаў, размешчаных у 300 метрах ад прыходу.

Лагер пад назвай «Вясёлка» стаў прытулкам для мноства мігрантаў з Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і краін Усходняй Еўропы. Не верачы гэтай сустрэчы, людзі выйшлі з дамоў і з радасцю атачылі высокага госця. Папа Францішак цёпла прывітаў жыхароў лагера і прачытаў па-іспанску малітву "Ойча наш".

Каля сцен касцёла Святога Айца чакалі тысячы вернікаў і паломнікаў, многія з іх трымалі плакаты са словамі падзякі за гэты пастырскі візіт. Накіроўваючыся да храма, Папа не спяшаўся: крок за крокам ён вітаў і бласлаўляў вернікаў, фатаграфаваўся з імі, паціскаў рукі.

Увайшоўшы ў прыхадскі будынак, Папа сустрэўся з хворымі прыхаджанамі, накіроўваючы да іх словы падтрымкі: "нават калі паўсюль цёмна, заўсёды ёсць Той, Хто любіць -  Нябесны Айцец, які ніколі не расчароўвае".

Двума паверхамі вышэй Папа сустрэўся з бяздомнымі, аб якіх клапоціцца мясцовая Суполка Святога Эгідзія, і сказаў ім такія словы суцяшэння:

"Людзі не ведаюць вашых імёнаў, называюць вас "бамжамі", і вы церпіце гэта. Такі ваш крыж, ваша цярпенне. Але ёсць штосьці у сэрцах кожнага з вас, і, калі ласка, не сумнявайцеся: гэта Святы Дух".

Паводле Ватыканскага радыё