Skip to main content

Ксёндз біскуп А. Кашкевіч заклікаў да супольнай малітвы супраць гандлю людзьмі

Апостальская Сталіца абвясціла дзень 8 лютага "Сусветным днём малітвы ў інтэнцыі барацьбы з гандлем людзьмі". З гэтай нагоды ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч у сваім паведамленні заклікаў усіх да супольнай малітвы за людзей, якія церпяць  рабства і знявагі.

Іерарх заклікаў таксама агарнуць малітвай арганізацыі, якія змагаюцца супраць эксплуатацыі людзей ў кожнай яе праяве — гандаль дзецьмі, жанчынамі, чалавечымі органамі і нелегальнай рабочай сілай.

Неабходнасць супольнай малітвы ў гэтых інтэнцыях становіцца яшчэ больш відавочнай ў абліччы катастрафічнай міжнароднай сітуацыі. Паводле даных ААН каля 4 млн. дзяцей і жанчын церпяць сёння ад прымусовай працы і прастытуцыі; кожныя 30 секунд 2,5 тысячы чалавек становяцца ахвярамі  гандлю людзьмі; больш за 1 млн дзяцей у свеце трапляе ў сэксуальнае рабства; гандаль людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі з'яўляецца адной з найбольш хутка развіваючыхся практык, перарастаючы ў шматмільённы бізнэс.