Skip to main content

Сустрэча Taize ў Празе

praha-3Прапануем вашай увазе яшчэ адзін артыкул пра Taize, Прагу, і Новый год ад веруючага чалавека, які паехаў на гэтую сустрэчу з мінскай парафіяй, дзе працуюць айцы кармеліты.

Гэты артыкул не будзе храналагічнай паслядоўнасцю ўсяго, што адбывалася пад час сустрэчы. Я проста падзялюся сваімі ўражаннямі.

Пачну з нежывога, застылага – з архітэктуры. Прага, якая нас акружала на працягу тых нешматлікіх дзён, якія мы там правялі, падалася мне бясконцай. Не ведаю, колькі дзён трэба хадзіць па Празе, каб усё ўбачыць, але ўсё роўна застанецца пачуццё, нібы ўбачыў не ўсё, нібы штосьці прапусціў. І вось у такім горадзе, сярод безлічы вежаў, дзіўных архітэктурных помнікаў і велічных касцёлаў адбывалася сустрэча.praha-5

Падчас паездкі мы наведалі таксама горад польскіх манархаў – Кракаў, і сталіцу Славакіі - Браціславу. Пры ўсіх добрых уражаннях, якія пакінулі гэтыя унікальныя гарады, з Прагай яны непараўнальныя. Але наколькі велічнае, старажытнае зачароўвае чалавека, настолькі адорвае радасцю і цяплом досвед сустрэчы з новымі людзьмі. І ня проста з новымі, але яшчэ і веруючымі, і шукаючымі Бога. Гэта вельмі натхняе і ўражвае.

Уразілі чэхі, якія прымалі нас на сваіх парафіях. Пасля сустрэчы з імі цяжка паверыць у тое, што Чэхія з’яўляецца адной з самых бязбожных і атэстычных краін Еўропы. Іх цярпенне і безадмоўная дапамога ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў вартыя захаплення. Можна смела сцвярджаць, што яны проста аддалі Богу і нам гэтыя пяць дзён, падчас якіх адбывалася сустрэча. І я чамусьці веру, што сваю ахвярнасць у служэнні людзям яны лучаць з малітвамі аб адраджэнні хрысціянскай веры ў Чэхіі, якое так неабходна.praha-7

Як заўжды мяне ўражвала разнастайнасць і шматбаковасць людзей, якія прыязджалі на сустрэчу. І хаця многія з нас па-свойму бачаць свой хрысціянскі шлях і служэнне, адно нас безумоўна аб’ядноўвала – вера ў Хрыста. Нехта бачыў яе ў сацыяльным служэнні людзям, нехта стараўся падысці да духоўнасці больш індывідуальна і глыбока. Менавіта па гэтай прычыне мне найбольш падабаліся аніматарскія сустрэчы. Заўжды цікава даведацца, што думае пра нейкую набалеўшую праблему немец або венгр. Але нягледзчы на адрозненні ў нашых поглядах (кансерватыўных, ліберальных ці яшчэ якіх-небудзь), кожны з удзельнікаў з'езду стараўся сустрэць другога з добрай усмешкай, зразуменнем і гатоўнасцю дапамагчы.

Напрыканцы хачу падзяліцца адным сваім маленькім жаданнем, якое з кожнай наступнай сутрэчай Taize становіцца мацнейшым: правесці сустрэчу ў Мінску. Нягледзячы на захапленне Заходняй і Цэнтральнай Еўропай, можна з упэўненасцю сцвердзіць, што мы, беларусы, таксама можам прапанаваць нешта сваё, непаўторнае. І дранікамі накарміць, і ў Калодзішчы з Сенніцай усіх завязці, а галоўнае, агарнуць усіх цеплынёй нашых сэрцаў.

Падрыхтаваў Сяргей Федарук